“Гамоняць пушчы беларускія…”

Запрашаем усіх на наша свята

З блізку і з далёкага замежжа,

Дзе пушчанскі фестываль багаты

Гімн пяе адвечнай Белавежы!

 

Такімі шчырымі словамі 15 жніўня ў гарадскім парку г.Свіслач распачалася праграма абласнога экалагічнага фестывалю “Гамоняць пушчы беларускія…”. Фестываль праходзіць ужо ў пяты раз і стаў любімай падзеяй у культурна-грамадскім жыцці свіслачан. Арганізатары фестывалю — упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Свіслацкага райвыканкама, Свіслацкі райвыканкам — паклапаціліся пра кожнага, хто завітаў на свята. У прыярытэце былі дзеці. Менавіта ў гэты дзень да афіцыйнага адкрыцця свята старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі ўрачыста запрасіў на новую дзіцячую пляцоўку са шматлікімі атракцыёнамі.

На галоўнай сцэне фестывалю, якая жывапісна размясцілася пад шатамі векавых дрэў, адбылося ўрачыстае адкрыццё свята з удзелам прафесійных артыстаў з Гродна: віртуоза-балалаечніка Аляксандра Варанішча, Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”, а таксама лепшых аматарскіх калектываў раёна.

Пад мілагучныя мелодыі і спевы цікавыя дзеі адбываліся на іншых фестывальных пляцоўках. Так, на “Экалагічнай” можна было ўтульна пасядзець у фітабары са шкляначкай травяной гарбаты і тут жа дакладна разглядзець экспазіцыю выстаўкі “Фотафакт: природа в объективе”, адчуць сябе сапраўдным сябрам журы ў выстаўцы-конкурсе “Цветочная феерия”. Альбо, калі пашанцавала з прозвішчам, паўдзельнічаць у конкурсе-марафоне “Моя лесная FamilyЯ”.

Ніяк нельга было абмінуць “Арт-территорию”. Тут імправізавалі майстры бодзі-арта і кожны наведвальнік свята (дакладней, яго твар) мог стаць “палатном” для мастака.

Майстры аддзелаў рамёстваў раённых цэнтраў культуры і народнай творчасці да фэстывалю сканструявалі свае тэматычныя дэкаратыўныя пано з прыродных матэрыялаў і ўсталявалі іх у фармаце фотазон, для удзелу ў абласной выстаўцы-конкурсе “В гармонии с природай”.  Народная фантазія і творчасць былі бясконцымі. Пры гэтым творцы паклапаціліся, каб ні адзін прадстаўнік флоры ці фауны, які задзейнічаны ў экспазіцыі, не быў пашкоджаны: скульптура аленя і зайца — з сухой травы (Свіслацкі раён); русак ды барсук, выразанныя з дрэва ў натуральную велічыню, майстрам  Аляксандрам Ішчанка з Зельвенскага раёна. Каля фотазоны Ваўкавыскага раёна можна было сфатаграфавацца басанож на саматканых ходніках бялюткай вышытай кашулі і вяночку з палявых кветак.

На кірмашы вырабаў майстроў народнай творчасці госці мелі магчамасць набыць сувенір з гліны, саломкі і іншых прыродных матэрыялаў на добры ўспамін аб фестывалі.

Асабліва шматлюднай была “Гостинная лесничовка”. Менавіта тут праходзіла прафесійная эстафета вальшчыкаў лесу. Віртуозныя  дзеянні майстроў вызывалі захапленне.

На пляцоўцы “Трофи рейд “Зубры” сабраліся ўсе тыя, хто любіць экстрымальную язду на спецыялізаваных спартыўных машынах і квадрацыклах. А ў “Пущанском казино” былі арганізаваны незвычайныя гульні на пушчанскі манер: ШахМат, балотны кракет, пушчанская рулетка і многае іншае.

Хацелася б, каб чарговы абласны фестываль “Гамоняць пушчы беларускія…” адчуў дзейсную арганізацыйную падтрымку ад грамадскіх арганізацый і дзяржаўных структур, якія клапоцяцца аб экалагічнай сітуацыі ў вобласці і рэспубліцы. Фестываль можа стаць пляцоўкай для папулярызацыі здабыткаў і акрэслення праблем у гэтай сферы праз грамадскія праекты і ініцыятывы.