Сёлетні год завяршаецца знакавай для культуры нашага рэгіёну падзеяй – 80-годдзе адзначае Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці. Ва ўстанове са шматгадовай гісторыяй беражліва захоўваюць і развіваюць традыцыйную культуру, ладзяць маштабныя святы, аказваюць падтрымку аматарскай творчасці Гродзеншчыны. Фальклор, тэатр, музыка, танец, спевы, выяўленчае і прыкладное мастацтва – тут нібыта засяроджана ўсё культурнае жыццё вобласці!
Фестывальная Гродзеншына яднае землякоў
Дзякуючы зладжанай працы цэнтра ў вобласці адгрымела безліч яркіх фестываляў, многія з якіх сталі візітнай карткай усёй краіны. Гродзенская зямля па праву можа ганарыцца адным з вядучых праваслаўных фестываляў свету – “Каложскім Благавестам”. Крэатыўнымі ідэямі штогод напаўняецца вечна малады фестываль “Не старэюць душой ветэраны”. Упэўнена заяўляюць аб сабе мясцовыя зоркі сцэны падчас традыцыйных “Лідскіх тэатральных сустрэчаў” і “Слонімскіх цудадзействаў”. На працягу амаль 15 гадоў не губляе актуальнасці фестываль фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. І ўсё гэта толькі невялікі пералік безумоўных культурных брэндаў, да якіх мае дачыненне калектыў Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.
Варта сказаць, што работа цэнтра – гэта не толькі святы, перамогі і выдатны настрой публікі. Гэта таксама бясконцы творчы пошук, пазапланавыя сходы, карпатлівая праца па суправаджэнні кожнага, хай невялікага, але ад гэтага не менш значнага мерапрыемства.
Спадчына продкаў – пасланне праз стагоддзі…
Амаль паўвека таму ў сценах метадычнага цэнтра сямейнай дынастыяй Шунейкаў былі ўдасканалены народныя кросны і адноўлена ткацтва тэматычных габеленаў. Унікальная майстэрня працуе па сённяшні дзень дзякуючы метадысту выставачнай залы Алене Феліксаўне Шунейка – пераемніцы бацькавай тэхнікі “падвойнага і пераборнага аднабаковага” ткацтва, што ўваходзіць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.
Наогул, выяўленне і зберажэнне элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны для спецыялістаў АМЦНТ – гэта адна з ключавых задач. Метадысты аддзела традыцыйнай культуры ўпэўнены, што пакуль будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне рухі побытавых танцаў, сакрэты роспісу велікодных яек, рэцэпты аўтэнтычных страў, таямніцы старажытных абрадаў, дагэтуль наша фальклорная спадчына будзе заставацца недзейным падмуркам для шчаслівага заўтра.
Яшчэ адна гордасць абласнога метадычнага цэнтра – гэта выставачная зала, у якой за гады існавання было арганізавана больш за 500 унікальных экспазіцый. Салома- і лозапляценне, вышыўка, ганчарства, разьба па дрэве, выцінанка, жывапіс – сюды даўно “пратапталі сцежку” гродзенскія аматары рукатворнай прыгажосці.
Да новых даляглядаў, вяршынь і перамог!
Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці па праву можна назваць сапраўдным “рухавіком” разнастайных творчых працэсаў, якія адбываюцца ў рэгіёне. На жаль, складаная эпідэміялагічная сітуацыя не дазволіла адсвяткаваць юбілей установы масава і грандыёзна. Тым не менш культурнае жыццё вобласці цалкам на паўзу не пастаўлена. Абапіраючыся на назапашаны гадамі вопыт, маючы ў скарбонцы безліч смелых ідэй і праектаў, творчыя спецыялісты цэнтра будуюць упэўненыя планы на будучыню. Інакш – немагчыма! У іх падтрымцы маюць патрэбу каля 1500 калектываў аматарскай творчасці, за іх метадычнай і практычнай дапамогай звяртаюцца работнікі культуры з усіх куточкаў вобласці. А як вядома, калі чалавек адчувае сябе карысным і патрэбным людзям, то любая работа ў яго спорыцца, ідзе поўным ходам і проста гарыць у руках!