Традыцыйна напачатку лютага ў раённым цэнтры культуры прайшоў конкурс патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй”, прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 30-годдзю вываду войск з Афганістана. Арганізатарамі конкурсу выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт грамадскай арганізацыі “БРСМ”.
На сцэне цэнтра культуры выступілі таленавітыя выканаўцы з розных куточкаў Ашмяншчыны ад 13 да 26 гадоў. Праявіць свае творчыя здольнасці пажадалі і вучні школ раёна, і навучэнцы аграрна-эканамічнага каледжа, і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры. Дваццаць два канкурсанты спявалі аб роднай беларускай зямлі, аб Вялікай Айчыннай вайне і подзвігах герояў, што месцяцца ў людскіх сэрцах.
Сёлета ўдзельнікі сур’ёзна падрыхтаваліся да дэманстрацыі сваіх нумароў. Для таго, каб стварыць яркі і запамінальны вобраз на сцэне, многія выканаўцы выкарыстоўвалі разнастайныя мастацка-сцэнічныя сродкі. Некаторыя нумары суправаджалі фотаздымкі і відэаролікі краявідаў роднага куточка, танцы і тэтралізаваныя мініяцюры. Нязменным заставалася адно: кожнага канкурсанта гучна падтрымлівалі апладысментамі слухачы. Адкрытасць, эмацыйнасць і мілагучнасць чароўных галасоў ў песні “Куточак Беларусі” прадставіў творчы дуэт Ксеніі Крышаловіч і Юліі Рыбіцкай (СШ №1). Падчас выступлення вучаніцы Дакурнішскага ВПК Віялеты Мацкевіч юныя артысты паказалі тэтральную пастаноўку эпізодаў з жыцця салдат.
Нікога не пакінулі раўнадушнымі вакалісткі Карына Грыгарук (СШ №2), Анастасія Адашкевіч (Гальшанская СШ), Вікторыя Шанько (СШ №2), Паліна Разон (гімназія №1), Ангеліна Паўлюковіч і Дар’я Верамейчык (аграрна-эканамічны каледж), Дыяна Кеўра (Цуденішскі ВПК). Традыцыйна на конкурсную сцэну выйшлі вядомыя на Ашмяншчыне артысты Канстанцін Яраш (РЦК) і Арцём Гружэўскі (аддзел культуры і вольнага часу аг. Навасёлкі).
І гледачы, і журы адзначылі душэўнасць і цеплыню, з якой выступілі вакальныя групы СШ №1, “Гармонія” (СШ №3), “Элегія” (Гальшанская ДШМ) і дуэт Дыяны Заблоцкай і Віялеты Сідаровіч (Граўжышкоўскі ВПК). Высокі ўзровень падрыхтоўкі і выканальніцкага майстэрства прадэманстравалі вакалісткі сельскага клуба вёскі Будзёнаўка Таццяна Маргуж і Лізавета Пятроўская.
Кожны ўдзельнік з дапамогай песні і свайго таленту выказаў тыя пачуцці, якія, напэўна, адчувае да сваёй краіны сапраўдны патрыёт. У сёлетнім конкурсе адметна было і тое, што большасць удзельнікаў спявала пра цяжкі лёс людзей падчас далёкіх ваенных падзей і любую краіну. Не пакінулі журы раўнадушнымі і тыя, хто спяваў на роднай мове.
Нягледзячы на разнастайнасць рэпертуару, кожнага маладога артыста аб’ядноўвала шчырасць, талент і душэўнасць, якія яны адкрыта дэманстравалі ў мілагучных кампазіцыях. Адчуваючы гэта, гледачы не шкадавалі гучных апладысментаў і падпявалі Алене Тарасевіч (Жупранская СШ), Максіму Грышчанкову (СШ №3), Лізавеце Дзямідавай (РЦК), Уладзіславу Ігнатовічу (СШ №3), і Дыяне Тамашэвіч (Барунскі ВПК).
Пераможцам конкурсу патрыятычнай песні “Сэрца зямлі маёй” ў намінацыі “саліст” (узроставая катэгорыя 14-18 гадоў) стала эмацыйная спявачка Ангеліна Паўлюковіч. У другой узроставай катэгорыі (19-35 гадоў) журы ўразіла прафесійнае выступленне Канстанціна Яраша. Творчы калектыў “Элегія” стаў лепшым у намінацыі “вакальная група”.
На абласным адкрытым фестывалі патрыятычнай песні Ашмянскі раён прадставіць яркі і самабытны дуэт Ксеніі Крышаловіч і Юліі Рыбіцкай.
Па матэрыялах газеты «Ашмянскі веснік»: Кацярына РУДЗІК.
Фота Святланы МУЦЯНСКАЙ.