Селета ў сядзібе Аляксандра Дамбавецкага, што ў аг. Бердаўка Лідскага раёна, адбыўся сапраўдны баль, у якім прынялі ўдзел жанчыны ў прыгожых строях, мужчыны ў строгіх касцюмах. Былі танцы, гульні ў шарады і фанты, дэкламацыя лірычных вершаў.
Пары кружыліся ў вальсе, танцавалі паланэз, завіхаліся ў кадрылі. Пад класічную музыку ў жывым выкананні калектыву скрыпачоў удзельнікі балю вялі свецкія гутаркі, адпачывалі ў гульнёвым і чайным салонах. Сапраўдным упрыгожваннем балю стаў калектыў “Эпатажны блюз” Наваельненскага Дома культуры, удзельнікі якога правялі майстар-клас, дзе танцавалі пад рытмы полькі, кацільена і нават сіртакі.
Працавала выстава жаночых аксэсуараў “Вытанчаная мода”, дзе можна было ўбачыць вінтажныя ўпрыгожванні – завушніцы, каралі, пярсцёнкі; таксама сумачкі, заколкі, шкатулкі, вееры…
Адным з цікавых момантаў балю стала дэфіле ў шляпках. Якіх толькі іх тут не было: з меху, воўны, тканіны, аздобленыя кветкамі і стужкамі, пер’ем і бліскучымі камянямі! Кожны госць балю застаўся пад вялікім уражаннем.