26 снежня 2022 года на паседжанні экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прынята рашэнне аб наданні статусу “народны майстар” майстрамі Гродзенскай воблвсці:
Муліцы Станіславу Вітольдавічу, майстру па выцінанцы з г. Гродна;
Сільвановіч Валянціне Генрыкаўне, майстру па ткацтву з г. Ліда Гродзенскай вобласці;
Старасцінай Юзэфе Эдвардаўне, майстру па саломапляценні з аг. Геранёны Іўеўскага раёна.
Кожны з іх у сваім рамястве апіраецца на мясцовыя традыцыі, творча іх развівае, праяўляе здольнасці індывідуальнай інтэрпрэтацыі. Майстры пастаянныя ўдзельнікі гарадскіх, раённых, абласных і рэспубліканскіх святаў і фестываляў традыцыйнай культуры.
Муліца Станіслаў Вітольдавіч 1956 г.н. – удзельнік народнага аматарскага аб’яднання майстроў народнай творчасці і мастакоў “Гарадзенскі каларыт” Цэнтра рамёстваў “Спадчына” дзяржаўнай установы “Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры”. Сярод майстроў Гродзеншчыны ён займае асаблівае месца. Яго творчасць стала эталонам майстэрства сучаснай выцінанкі, дзе традыцыйныя матывы займаюць галоўнае месца. У кагорце майстроў-выцінаншчыкаў Станіслаў Вітольдавіч вылучаецца асаблівай творчай фантазіяй і дасканаласцю выканання сваіх работ. Яго выцінанкі вызначаюцца характэрным народным каларытам. Крыху разрэджаныя кампазіцыі сіметрычнага тыпу на бытавыя і фальклорныя тэмы, сюжэты духоўнага характару, своеасаблівы наіўны, тыпова народны падыход да іх вырашэння, дэманструюць высокае тэхнічнае і мастацкае майстэрства.
Сільвановіч Валянціна Генрыкаўна 1975 г.н. – працуе майстрам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Сваю працоўную дзейнасць пачала з вывучэння матэрыялаў па шыццю традыцыйнага касцюма, вышыўцы, вязанню шыдэлкам, характэрных Лідскаму раёну. З 2015 года пераняла майстэрства традыцыйнага ткацтва ад супрацоўніцы аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Дар’і Маташук, якой першапачаткова перадаў веды жыхар г. Ліды, знаўца мясцовых традыцыйных тэхніх ткацтва Яўген Маркевіч. Сёння Валянціна Генрыкаўна валодае рознымі тэхнікамі ткацтва. З’яўляючыся галоўным носьбітам элемента “Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння”, які ў 2018 годзе ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, яна плённа працуе ў гэтым накірунку, удасканальваючы сваё майстэрства ў шматнітовай тэхніцы ткацтва. Майстрыха стварыла каллекцыю ручнікоў белаўзорыстага ткацтва Панямоння, расшыфраваўшы і дакладна паўтарыўшы аўтэнтычныя ўзоры.
Старасціна Юзэфа Эдвардаўна 1958 г.н. – майстар саломапляцення з аг. Геранёны Іўеўскага раёна. Першыя навыкі па рамяству Юзэфа Эдвардаўна набыла на курсах павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры Гродзенскай вобласці ўстановы адукацыі “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў” у 1995 годзе.
З 2009 года Юзэфа Эдвардаўна з’яўляецца сябрам грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз майстроў народнай творчасці”.
Сёння майстар працуе ў тэхніках плоскага і аб’ёмнага пляцення, саламянай пластыкі, дэкаратыўнай скульптуры, аплікацыі саломкай, змяшанай тэхніцы. Асаблівай адметнасцю і прывабнасцю вырабаў з’яўляецца аб’ёмнасць форм, заснаваных на традыцыях абрадавай пластыкі, праз якія майстрыха практыкуе свой падыход да мастацкага саломапляцення. Асартымент вырабаў розны: аплікацыі, фігуркі дзяўчат і хлопцаў у беларускіх народных строях, казачныя жар-птушкі, вялікі конь з вазком, Геранёнскі замак з саломы, дажыначныя снапы, вянкі і інш.
Спадзяёмся, што кагорта народных майстроў Гродзеншчыны будзе з кожным годам павялічвацца.