Мітынг-рэквіем у Дзень памяці і смутку прайшоў у Астраўцы

На досвітку 22 чэрвеня 1941 года іх разбудзілі выбухі бомб – для некаторых гэта былі апошнія гукі, якія яны пачулі, а для многіх яны сталі пачаткам чатырох пакутлівых гадоў выпрабаванняў, смерцяў, голаду, холаду, пакут…

8.jpg

На досвітку 22 чэрвеня 2020 года іх нашчадкаў разбудзіла прыемнае ціліліканне будзільніка. Хоць былі і тыя, хто ў тую ноч зусім не заснуў, узгадваючы сваіх бацькоў, дзедаў, прадзедаў, якія не дажылі да гэтага дня.

Самыя нераўнадушныя з іх прыйшлі да помніка воінам-вызваліцелям ранкам 22 чэрвеня на мітынг-рэквіем, прысвечаны Дню памяці і смутку. Некаторыя – цэлымі сем’ямі, з партрэтамі продкаў, якія назаўжды засталіся маладымі…

3.jpg

…Кранальны літмантаж, калі на месцы юных хлопчыкаў і дзяўчынак, што ідуць насустрач смерці, бачыш сваіх дзяцей – і сэрца заходзіцца болем маці, якая выпраўляе на вайну сваё дзіця і не ведае, ці прытуліць яго калі-небудзь да сваіх грудзей…

Лаканічныя словы намесніка старшыні райвыканкама Генадзя Бычко.

– Гэта дзень памяці і смутку – але і дзень папярэджання, – гаворыць Генадзь Паўлавіч. – У кожнай беларускай сям’і ёсць свой ветэран, свой ваенны боль – і мы павінны памятаць пра гэта, каб ніколі не дапусціць вайны.

4.jpg

Дваццаць мільёнаў загінулых – калі б памяць кожнага з іх ушанаваць хвілінай маўчання, свет змоўк бы на 32 гады. На досвітку 22 чэрвеня ля помніка – адна на ўсіх хвіліна цішыні, падчас якой кожны ўспомніў пра сваіх…

6.jpg

Чырвоныя гваздзікі, як кропелькі крыві тых, хто аддаў жыццё за нашы мірныя світанкі, кладуцца да помніка воінам вызваліцелям. Трапяткія агеньчыкі лампадак – як усхваляванае трапятанне сэрцаў тых, хто прыйшоў сюды гэтым пахмурным ранкам.

5.jpg

«Мы помнім» – гэтыя словы, складзеныя з запаленых лампадак каля падножжа помніка, сведчанне – і абяцанне.

І партрэт прапрадзеда Пятра Нікалаева ў руках юнага Рамана Дрэмы – найлепшае пацвярджэнне гэтых слоў.

2.jpg


 

Текст: Нина Рыбик