Спеўная культура Панямоння

З 24 па 25 кастрычніка ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці прайшоў абласны семінар-практыкум спецыялістаў РЦКНТ па фальклоры і кіраўнікоў фальклорных калектываў вобласці “Спеўная культура Панямоння. Асаблівасці вывучэння рэгіянальных песень”. Тэарэтычнае і практычнае напаўненне праграмы семінара ставіла задачу павышэння якаснага ўзроўню фальклорных калектываў вобласці.

Для абмену вопытам і правядзення майстар-класаў былі запрошаны: фальклорная група “Талер” аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” (мастацкі кіраўнік – Шчалканогава Наталля Мікалаеўна); фальклорны гурт “Кужаль” УА “Гродзенскі дзяржаўны каледж мастацтваў” (мастацкі кіраўнік – Наталля Вікуння-Аррыетта); народны тэатр народнай песні “Матуліна песня” філіяла Жытамлянскі дом фальклору (мастацкі кіраўнік – Тэрэза Антонаўна Адамовіч).

Вопытам работы па даследаванні і аднаўленні белаўзорыстага ткацтва Панямоння з удзельнікамі семінара дзялілася Шчэліна Алена Валянцінаўна – загадчык аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. Цікавай для ўсіх прысутных была экскурсія па культурным цэнтры “Фестывальны”, дзе кожны змог пабываць, няхай і віртуальна, на Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур розных гадоў правядзення.