20 лістапада ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлiгенцыi “Гранi” Гродзенскага абласнога метадычныга цэнтра народнай творчасцi прайшла музычна-паэтычная сустрэча “…Пеленала осень небеса, молоко в туманы разливала…” з удзелам паэта і выканаўцы ўласных песень з Мінска – Юліі Міцько.
Напачатку імпрэзы кіраўнік клуба “Гранi” Аляксандр Закрэўскі нагадаў слухачам, што менавіта 20 лістапада споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння адной з самых яскравых і тэленавітых беларускіх паэтак, “палескай ластаўцы” Яўгеніі Янішчыц. З гэтай нагоды першы верш на роднай мове, які прачытала Юлія Міцько, быў прысвечаны класікам беларускай паэзіі, сярод якіх прагучала і імя Яўгеніі Янішчыц.
Пасля кароткіх звестак з творчай біяграфіі Юліі Міцько, знаёмства гледачоў з яе дзвюма вершаванымі зборнікамі “Заблудшие дожди” і “Золотое и белое”, а таксама двума акустычнымі дыскамі “Добрым людзям” і “Утопающая в сирени” Аляксандр запрасіў на сцэну “галоўную гераіню вечара”. Варта адзначыць, што імя Юліі Міцько добра вядома ў колах аматараў аўтарскай песні, яна з’яўляецца лаўрэатам і удзельніцай шматлікіх фестываляў гэтага жанру. Гледачы пераканаліся, што перад імі стаіць на сцэне сапраўдная паэтка з вытанчаным, абаяльным тварам жанчыны і цеплынёй маці, якая мае свой адметны погляд на жыццё.
Чароўна прагучалі творы, выкананыя акапэльна. Асабліва кранальнымі аказаліся кампазіцыі, прысвечаныя хрыстыянскай тэматыцы, пошуку бога на жыццёвым і творчым шляху. Адна з песень Юліі Міцько папоўніла рэпертуар хору Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынскага манастыра. Пранікнёнасць, шчырасць, актуальнасць тэм – усё гэта знайшло водгук у сэрцах удзячных аматараў паэзіі і меламанаў.
У Мінску Юлія пастаянна ўдзельнічае ў паэтычных вечарынах, рэгулярна выступае з канцэртамі. Будзем спадзявацца, што першая сустрэча ў горадзе над Нёманам – гэта пачатак нашага знаёмства з творчасцю таленавітай паэткі, якое абавязкова знойдзе свой працяг. Усе гледачы выказвалі словы падзякі і Юліі, і народнаму клубу творчай інтэлiгенцыi “Грані” за магчымасць дакрануцца да прыгожай паэзіі і шматграннай музычнай творчасці.