Музычная сустрэча “Пяе гітара ў Гародні” ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі “Грані”

19 красавіка ў народным клубе творчай інтэлігенцыі “Грані” Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прайшла музычная сустрэча “Пяе гітара ў Гародні” з цыкла “Гітара ад класікі да джазу”. Вечарына была прысвечана знаёмству з класічнай гітарнай школай Гродна, якая, на думку музыказнаўцаў, з’яўляецца самай выбітнай і адметнай у нашай краіне.

На пачатку сустрэчы мастацкі кіраўнік клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” А. Закрэўскі прадставіў невялікі агляд сусветных гітарных школ, расказаў пра розныя спосабы гуказдабыцця, падкрэсліваючы, што “гэта ёсць адно з самых складаных і важных састаўляючых мастацтва ігры на класічнай гітары”.

На музычнай вечырыне знакамітую гітарную гродзенскую школу прадставілі навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа (клас выкладчыка У.І. Захарава). Адкрыў музычную частку навучэнец другога курса Павел Бандарчук, які, нягледзячы на малады ўзрост, можа пахваліцца сур’ёзнымі дасягненнямі ў творчасці. Юны музыкант з’яўляецца дыпламантам ХI Міжнароднага конкурсу “Рэнэсанс гітары – 2016” (Гомель) і дыпламантам I ступені адкрытага конкурсу выканаўцаў на класічнай гітары “Віват, гітара!” (Бабруйск, 2017 г.).

Падчас імпрэзы гучалі мелодыі розных эпох – ад часоў барока да сучаснасці. Асабліва казачна прагучаў твор Г. Гарэлавай «Мірскі замак», прысвечаны багатай гістарычнай спадчыне нашага краю. Яскравым і дынамічным было выступленне навучэнца трэцяга курса Гродзенскага дзяржаўнага музычнага каледжа Іллі Занько, які, дэманструючы выдатную гітарную тэхніку, уразіў інтанацыяй і стаўленнем да гуку. Удзячных слухачоў асабліва здзівіла бліскучае выкананне твора А. Дыябелі “Саната F-dur” (I часка).

Пасля музычнай праграмы ўдзельнікі клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” і госці ахвотна задавалі пытанні гітарыстам. Сустрэча непрыкметна ператварылася ў душэўную сяброўскую размову аб гітары, аб творчасці, аб музыцы.

Напрыканцы вечарыны мэтр беларускай класічнай гітары, шматразовы лаўрэат міжнародных конкурсаў, педагог і кампазітар У.І. Захараў расказаў аб перспектывах развіцця класічнай гітарнай школы на Гродзеншчыне.