У запамінальнае, яркае свята выліўся ўрачысты сход з нагоды 80-годдзя Шчучынскага раёна, які адбыўся ў пятніцу. Святочным настроем быў напоўнены раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Тут з удзячнасцю ўспаміналі тых, хто стаяў ля вытокаў заснавання раёна, хто выжыў у неверагодных выпрабаваннях Вялікай Айчыннай вайны і знайшоў у сабе сілы і натхненне будаваць, ствараць, рабіць жыццё лепшым і тых, хто дасягнуў значных поспехаў у працы і ўнёс важкі ўклад у развіццё Шчучыншчыны.
Музыка, жывыя зносіны, радасныя твары, цёплыя абдымкі … Асаблівая атмасфера свята адчувалася яшчэ ў фае. Тут сіламі працоўных калектываў і арганізатараў мерапрыемства была створана выстава, якая адлюстроўвала дасягненні нашых землякоў у розных галінах дзейнасці. Госці з задавальненнем знаёміліся з экспанатамі выставы, абменьваліся ўражаннямі. Колькі дасягнута за гэтыя стваральныя гады станаўлення і развіцця роднай Шчучыншчыны! Актывісты БРСМ прапаноўвалі гасцям прайсці далей у залу і ўручалі свежы спецвыпуск «Дзянніцы», на старонках якога героі дня.
Знамянальнай падзеяй стала ўстанаўленне сусветнага рэкорда майстрам спорту міжнароднага класа Рэспублікі Беларусь па гіравым спорце Яўгенам Назарэвічам. Наш зямляк падняў 50-кілаграмовую гіру 80 разоў!
На юбілейную ўрачыстасць у зале сабраліся кіраўніцтва раёна, ветэраны працы, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, каб перавярнуць 80-ю старонку нашай гісторыі і падзякаваць працавітым землякам. Радасць свята прыехалі раздзяліць са шчучынцамі ганаровыя госці: намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта В.Ф. Пранюк, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь П.Р. Міхалюк і Л.В. Кір’як, начальнік галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Д.А. Паўлоўскі, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ю.М. Аляксей. Сярод дарагіх гасцей і Ганаровыя грамадзяне горада Шчучына: В.І. Казяк, Э.С. Дзікевіч, В.Л. Жоль, С.І. Ушкевіч, былыя кіраўнікі Шчучынскага раёна І.Ю. Сакалоўскі і А.П. Васько.
Урачыстая частка сходу пачалася з пралога. Шчучынскія артысты перанеслі гледачоў у мінулае, нагадалі пра значныя падзеі шчучынскага краю: як працавалі нашы продкі, расцілі дзяцей, абаранялі родную зямлю. Сапраўдным сюрпрызам і своеасаблівым адкрыццём для ўсіх прысутных стаў новы фільм аб развіцці Шчучыншчыны за апошнія пяць гадоў, зняты спецыяльна да знакавай даты. Усе прысутныя падняліся пры першых акордах гімна Шчучыну, словы і музыку якога спецыяльна для юбілея напісаў Д.Г. Паноў.
Восем дзесяцігоддзяў — гэта перыяд станаўлення, пошуку, росту, перыяд, за які Шчучынскаму раёну ўдалося заняць сваё годнае месца ў вобласці і краіне. Юбілей — добрая нагода падвесці вынік, адкрыць новую старонку ў гісторыі, якая абавязкова павінна адпавядаць узроўню папярэднікаў.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Садоўскі цёпла віншуе ўсіх прысутных у зале і выказвае шчырыя словы ўдзячнасці ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, героям аднаўлення краіны з пасляваенных руін, усім, хто ўнёс свой уклад ў сацыяльна-эканамічнае развіццё нашага раёна і ўсяго прынёманскага краю. Аляксей Валянцінавіч зрабіў глыбокі і цікавы экскурс ў слаўную і гераічную гісторыю Шчучыншчыны. Кіраўнік раёна адзначыў, што сёння Шчучыншчына ўпэўнена глядзіць у будучыню. Выконваюцца асноўныя прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Ухвальныя словы былі выказаны ў адрас працаўнікоў практычна ўсіх сфер.
— Сёння перад намі стаяць задачы — не змяншаць тэмпаў, знаходзіць актуальныя і перспектыўныя напрамкі для эканамічнага і сацыяльнага развіцця, пры гэтым захоўваючы традыцыі, культуру і гісторыю раёна, яго самабытнасць. Важна захаваць і прымножыць бясцэнны вопыт бацькоў і дзядоў, быць годнымі прадаўжальнікамі стваральных традыцый папярэднікаў. І нам, паверце, ёсць на каго раўняцца і з каго браць прыклад, — падкрэсліў Аляксей Валянцінавіч. Ён пажадаў жыхарам раёна новых поспехаў, а Шчучыншчыне — міру і росквіту.
Ад імя аблвыканкама шчучынцаў віншаваў са слаўным юбілеем намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта В.Ф. Пранюк. Ён зачытаў прывітальны адрас, накіраваны губернатарам У.В. Краўцовым, і ўручыў заслужаныя ўзнагароды працаўнікам нашага раёна.
Ганаровыя граматы абласнога Савета дэпутатаў атрымалі старшыня назіральнага савета ААТ “Шчучынаграхімсэрвіс” Ю.М. Вашчыла і ветэран працы, кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга І.К. Козіч. Падзячнае пісьмо старшыні абласнога Савета дэпутатаў ўручана былому дырэктару лясгаса В.М. Бабко, былому дырэктару ШРУП ЖКХ Д.Д. Адзінцу. Ганаровай граматай аблвыканкама ўзнагароджаны загадчык фермы “Вялікае Сяло” філіяла “Жалудоцкі агракомплекс” А.А. Рудзь і галоўны інжынер МПМК-167 Ю.С. Краеўскі, а Падзячным пісьмом старшыні аблвыканкама майстар ААТ “Шчучынскі завод “Аўтапровад” У.Ф. Гуштын і ветэран службы МНС С.К. Бакун.
Адной з многіх добрых традыцый раёна з’яўляецца ўшанаванне ў дні дзяржаўных святаў і юбілейных дат самых годных і заслужаных яго жыхароў, тых, хто ўнёс і ўносіць дастойны ўклад, каб Шчучынскі раён заўсёды быў на вышыні. Вось і ў гэты раз у гонар святкавання юбілею раёна званне «Ганаровы грамадзянін горада Шчучына» было прысвоена былому старшыні Шчучынскага райвыканкама, кіраўніку Лідскага раёна Сяргею Васільевічу Ложэчніку. За гэтым статусам — безліч напружаных працоўных будняў і неймавернае жаданне зрабіць шчучынскі край прыгожым і ўтульным, каб яго жыхары любілі сваю малую радзіму і з упэўненасцю глядзелі ў будучыню.
З нагоды юбілею раёна райвыканкам прыняў рашэнне аб занясенні новых імёнаў нашых слаўных землякоў у Кнігу Славы. Кіраўнік раёна А.В. Садоўскі выйшаў на сцэну, каб уручыць такія пасведчанні і памятныя падарункі шматразоваму чэмпіёну і прызёру Рэспублікі Беларусь, Еўропы і свету, уладальніку Кубкаў і фестываляў па гіравым спорце, 6-разоваму рэкардсмену «Сусветных рэкордаў Гінеса» у гіравым марафоне, майстру спорту Рэспублікі Беларусь міжнароднага класа Я.Я. Назарэвічу і ўрачу-уролагу Шчучынскай цэнтральнай раённай бальніцы А.І. Паніну, які таксама атрымаў Ганаровую грамату Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Гэтыя людзі сваёй працай, сваёй нераўнадушнай жыццёвай пазіцыяй вельмі многае зрабілі для землякоў і росквіту роднай старонкі.
Вельмі цёплымі былі віншаванні шчучынцам ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў П.Р. Міхалюка і Л.В. Кір’як, а таксама начальніка галоўнага кантрольна-аналітычнага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Д.А. Паўлоўскага. Апладысментамі вітала зала і дэлегацыі ўкраінскіх гарадоў Ковеля на чале з намеснікам мэра Міхаілам Гетманам і Пыратына на чале са старшынёй гарсавета Аляксеем Рабаконь, якія таксама прымалі ўдзел у святочным мерапрыемстве. Украінскія партнёры пажадалі шчучынцам не спыняцца на дасягнутым і крочыць толькі наперад.
Яркую вясёлку эмоцый унеслі ў святочную канву гімназісты і выхаванцы Палаца творчасці дзяцей і моладзі, якія падрыхтавалі сваё арыгінальнае віншаванне.
Кульмінацыяй урачыстасці стала ўзнагароджанне пераможцаў раённага спаборніцтва сярод суб’ектаў гаспадарання, калектываў вытворчых падраздзяленняў, працаўнікоў раёна, сельсаветаў за дасягненні высокіх паказчыкаў у працы і сацыяльна-эканамічным развіцці ў 2019 годзе. У іх гонар гучалі словы прывітання і падзякі. Пераходныя Ганаровыя сцягі атрымалі працоўныя калектывы ТАА “Праймілк», ААТ «Дэмбрава», МПМК №167, Шчучынскага РУП ЖКХ, актывісты Орлеўскага сельсавета.
Горача і сардэчна зала вітала пераможцаў раённага спаборніцтва сярод вытворчых падраздзяленняў працоўных калектываў прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама лепшых па прафесіі, чый поспех — яркі прыклад працавітасці і адказных адносін да справы.
Прыемным падарункам для ўдзельнікаў і гасцей свята стала канцэртная праграма артыстаў Шчучынскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Даўгалецця табе, Шчучынскі раён, шчасця, міру, дабрабыту! Хай кожны дзень тваіх жыхароў будзе напоўнены радасцю, прыгажосцю і добрым настроем!
Сяргей КАСПЯРЧУК.
Фота Аляксандра КАСПЕРЧУКА.