Ці ведаеце вы, дзе сёння, адчыніўшы толькі адны дзверы, можна ўбачыць Свіслаччыну рамесную ўсю цалкам? Вядома, у аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры. Без перабольшвання – гэта сапраўдны культурна-асветніцкі цэнтр. Атмасферу няспыннага творчага працэсу, у які з галавой пагружаны тутэйшыя майстры, адчуваеш ужо з парога. І адначасова разумееш, якой важнай справай яны заняты: адраджэннем, развіццём і захаваннем традыцыйных рамёстваў, мастацкіх промыслаў і самых розных відаў прыкладной творчасці.
– Гісторыя народных промыслаў і рамёстваў налічвае не адно стагоддзе, – распавядае загадчык аддзела Аксана Васілька. – На працягу многіх вякоў яны з’яўляліся неад’емнай часткай паўсядзённага жыцця беларусаў. Для нас народныя промыслы і рамёствы сёння – захавальнікі ўнікальнай гісторыі і культуры роднага краю. З даўніх часоў Свіслаччына славілася сваімі майстрамі. Варта прыгадаць чатыры пакаленні поразаўскіх Шопікаў, ганчароў, вядомых сваёй чорнай керамікай не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі! Што цэнна, рамесніцкія традыцыі нашых продкаў упэўнена адчуваюць сябе і зараз. Не на словах, а на справе мы ведаем, што такое ганчарства, кераміка, мастацкая апрацоўка дрэва, саломапляценне, лозапляценне, поясапляценне, выцінанка… Для майстроў аддзела многія старадаўнія віды рамёстваў сталі, уласна кажучы, справай жыцця. Тут, у аддзеле, які, да слова, пачаў сваю работу ў 2004 годзе, мы намагаемся захаваць пакінутыя традыцыі. Разам з тым працуем і ў сучасных відах і тэхніках. Поле дзейнасці ў нас даволі шырокае: ад ганчарства і пляцення да батыку і роспісу. Не выключаем са сваіх вырабаў і ўнікальнага сінтэзу традыцый і навізны.
Калі ні наведаешся ў аддзел рамёстваў – абавязкова патрапіш на творчы працэс майстроў. Вось Жанна Сыраежка варожыць над ніткамі. Спрытна бегаюць яе пальцы па нацягнутай аснове, паслухмяна соўваецца туды-сюды чаўнок. Поясапляценнем Жанна Тадэвушаўна займаецца каля дзесяці гадоў і добра ведае гэтае рамяство. Шмат можа расказаць пра месца пояса ў традыцыйнай матэрыяльнай і духоўнай культуры народа. А месца тое самае што ні на ёсць пачэснае.
– У сціплым і лаканічным беларускім касцюме поясу надавалася вялікае значэнне, – распавядае майстрыха. – Пояс выконваў адразу некалькі функцый. Практычнае яго значэнне відавочнае: ён падтрымліваў на стане адзенне. Таксама на паясах насілі розныя неабходныя ў паўсядзённым абіходзе рэчы, за яго затыкалі прылады працы (напрыклад, сякеру, серп), калі ішлі на работу. Не менш важнай у касцюме была сімвалічная роля пояса і звязаная з ёю магічная. Завязаны пояс уяўляе сабой круг, які, па народным павер’ям, заступае шлях нячыстай сіле, абараняе ад дурнога вока і хваробаў. Пояс быў і своеасаблівым знакам, які шмат чаго мог расказаць пра гаспадара, пра яго, так сказаць, сацыяльны статус. Бо паясы адрозніваліся ў залежнасці ад роду, узросту, месца жыхарства. Спосаб павязвання нярэдка ўказваў на сямейны стан: хлопцы да жаніцьбы, а дзяўчаты да замужжа завязвалі яго злева, а пасля вянчання – ужо справа. Пояс быў цэнтральнай “фігурай” і ва ўсіх абрадах жыццёвага цыкла беларусаў: радзін, сватання і вяселля, гаспадарання, варажбы, пахавання. Трэба памятаць і пра эстэтычную функцыю паясоў.
У аддзеле рамёстваў стужка пояса нараджаецца на немудрагелістых прыстасаваннях для ручнога ткацтва. Так, Жанна Сыраежка, практыкуючы пляценне на ніту, карыстаецца драўлянымі станочкамі прамавугольнай формы з выцягнутай адтулінай унутры (каб была прастора для руху рук, тлумачыць). Такіх станочкаў у майстрыхі некалькі, і адрозніваюцца яны толькі памерамі. На мятровым, кажа, можна атрымаць двухмятровы выраб, на паўмятровым – выплясці трохмятровую стужку. Каля станочкаў даўжынёй пяцьдзясят сантыметраў часцей завіхаюцца дзеці, што наведваюць гурток “Чароўны клубочак”. Разам з Жаннай Тадэвушаўнай яны асвойваюць тканне на ніту, знаёмяцца з асноўнымі сноўкамі – варыянтамі размяшчэння ў аснове нітак розных колераў. У традыцыйным народным рамястве, заўважае майстар, склаліся і адшліфаваліся бездакорныя ў тэхналагічных і мастацкіх адносінах сноўкі. Чатыры асноўныя – “пучкамі”, “паркамі”, “троечкамі”, “складаная”. Гурткоўцы пачынаюць тканне, як правіла, з простых узораў. А з часам пераходзяць да традыцыйнага беларускага арнаменту.
Трэба дадаць, што Жанна Сыраежка яшчэ і аматар беларускай выцінанкі – дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, заснаванага на выразанні ажурных узораў і невялікіх карцін з паперы. Вельмі прыгожа выглядаюць самыя разнастайныя элементы і матывы з каляровай паперы, скампанаваныя на лісце, часцей белым.
Там, дзе працуе метадыст Ірына Фунт, пахне жытнёвым полем, бо матэрыялам для яе рукатворных шэдэўраў служыць тое, што не так даўно каласілася, налівалася сонцам на хлебнай ніве – сцябло збожжавых культур, якое застаецца пасля абмалоту, ці, кажучы прасцей, салома.
Апантаны саломапляценнем майстар валодае адмысловым уменнем ў гэтай справе. Ірына Іванаўна добра ведае, як сабраць, прасушыць, раздзяліць, апрацаваць сыравіну, да якіх вырабаў прыдатнае верхняе тонкае, сярэдняе і ніжняе грубае каленцы сцябла. Працуе ў самых розных тэхніках, камбінуе іх для атрымання непаўторных работ. Вяровачка, зубатка, жгуцік, рагожка, ажурныя пляценні, пацеркі – з гэтых элементаў у залатых руках майстра нараджаюцца галаўныя ўборы, лялькі, птушкі, кветкі, саламяныя кампазіцыі… Усё пералічыць, бадай што, і немагчыма, бо з саломы можна выплясці любую рэч, якую толькі душа пажадае. Выкарыстоўвае майстар у сваёй творчасці і фарбаваную саломку. Стрымаць палёт фантазіі тут немагчыма, ды ці і патрэбна трымаць яе за крылы?
Вырабы Ірыны Іванаўны пабачылі нямала выставак. Яны нязменныя ўдзельнікі самых разнастайных ярмарак і фестываляў народнага мастацтва. Не дзіўна, што і попытам у аматараў самабытных рэчаў карыстаюцца. Згадзіцеся, саламянае дзіва – добры сувенір. І гэтаму цуду можна навучыцца! Ірына Фунт праводзіць майстар-класы, дзеліцца сваім майстэрствам з малымі свіслачанамі на гуртку “Залатая саломка”. Цешыць яе тое, што ў рабят атрымоўваецца, што яе любае рамяство перадаецца з рук у рукі.
Сапраўдным гонарам аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры з’яўляецца створаны тут куток вырабаў легендарных поразаўскіх ганчароў Іосіфа і Пятра Шопікаў – чорназадымленнай керамікі.
Вядома, сёння такія вырабы менш выкарыстоўваюцца па сваім прамым прызначэнні, чым раней. Але разам з тым цікавасці да ганчарства хапае. Таму добры прыклад – майстар Віталь Аніська.
Ён даўно прыглядаўся да ганчарнага круга, быў частым госцем у майстэрні, дзе завіхаўся некалі яго калега па захапленні Яўген Мацяшук. Цікавіўся, што ды як, браў урокі майстэрства, спрабуючы надаць форму кавалку гліны. Атрымалася! З часам набіў руку і сёння, працуючы ў аддзеле рамёстваў, з лёгкасцю творыць на ганчарным крузе вазы, глякі, гаршчкі, збаны, міскі, кубкі… Каб надаць сваім вырабам трываласці, абпальвае іх – не, не ў горане, як рабілі Шопікі! – у муфельнай печы. Прычым спрабуе і новыя спосабы абпалу: кефіраванне, малачэнне, абвар. Гэта надае посуду эфектныя маляўнічыя разводы. Нярэдка ганчар пакрывае свае вырабы палівай. Атрымоўваецца гэткі злепак традыцый і сучаснасці.
Напрыканцы хочацца падкрэсліць, што аддзел рамёстваў сёння – гэта не толькі традыцыйная культура. Тут развіваецца і вялікая колькасць сучасных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Скрапбукінг і мастацкая апрацоўка тканіны ад Аксаны Васількі, роспіс і кераміка ад Іны Шпак, пляценне з папяровай лазы ад Зоі Радзівонік – толькі частка таго, чым тут валодаюць і што практыкуюць. Разам з майстрамі традыцыйных накірункаў “сучаснікі” ствараюць самабытнасць свіслацкага краю. У Год малой радзімы гэта выдатны падарунак майстроў для роднай зямлі.
Наталля ТУРКО
Фота аўтара