17 ліпеня ў рамках адкрытага пасяджэння народнага клуба творчай інтэлігенцыі «Грані» Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбылася прэм’ера музычна-паэтычнага спектакля «Ноmo homini». У пастаноўцы былі задзейнічаны: Таццяна Шэіна – вершы (г. Мінск), Таццяна Салаўёва – гітара, вакал, Павел Салаўёў – мелодзіка і арыгінальныя этнаінструменты, Ігар Адасік – перкусія.
На працягу гадзіны са сцэны гучалі вершы і музыка, аўтарамі якіх з’яўляюцца таленавітыя ўдзельнікі праекту. Усе паэтычныя і музычныя творы былі звязаныя паміж сабой тэматычна і канцэптуальна. Эмацыянальнае і артыстычнае чытанне Таццянай Шэінай сваіх глыбокіх інтэлектуальна-лірычных вершаў дапаўнялася цікавымі аўтарскімі музычнымі замалёўкамі ў выкананні Таццяны і Паўла Салаўёвых, Ігара Адасіка. Бездакорныя спевы Таццяны Салаўёвай, выдатнае валоданне гітарай, цікавыя аўтарскія апрацоўкі былі гарманічна аздоблены гучаннем экзатычных этнаінструментаў, на якіх іграў Павел.
Іпрэза нагадвала своеасаблівае музычна-паэтычнае «шаманства»! Гледачы былі «захоплены ў палон» чароўнай атмасферы творчасці і натхнення. «Можна з упэўненасцю сказаць, што музычна-паэтычны спектакль «Ноmo homini» – гэта сур’ёзная культурна-мастацкая з’ява для нашага горада, і што асабліва прыемна, прэмера адбылася ў народным клубе творчай інтэлігенцыі «Грані» Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці», – падсумаваў кіраўнік клуба Аляксандр Закрэўскі напрыканцы вечарыны.