Раклевічы Дзятлаўскага раёна гулі, як вулей: Свята мёду ў аграгарадку

У нядзелю 29 ліпеня сапраўдныя пчаляры і проста аматары салодкага сабраліся ў аграгарадку Раклевічы на Свята мёду, якое другі год запар праходзіць тут у рамках раённага праекту “Дбайных людзей славім – весела час бавім”.

Для гасцей мерапрыемства працавала выстава-продаж вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, маленькія наведвальнікі свята ацанілі надзіманыя горкі і батут, паласаваліся папкорнам і салодкай ватай.

Аповед пра ўнікальныя ўласцівасці мёду прадоўжыла вядучая мерапрыемства Наталля Нагорная. Яна расказала, што на тэрыторыі КСУП “Русь-Агра” ў вёсцы Сілівонкі ёсць свая пасека. Там жывуць 52 пчаліныя сям’і, за якімі сочыць пчаляр Уладзімір Санюкевіч. Гаспадарка выкатвае мёд розных відаў – ліпавы, малінавы, грэчкавы, рознатраўны.

Скарыстаўшыся ўрачыстай абстаноўкай свята, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Русь-Агра” Вадзім Царык уручыў Падзячныя пісьмы і падарункі лепшым работнікам гаспадаркі.

Пасля выступлення самадзейных артыстаў, Ірына Цяцерына запрасіла на сцэну каманды КСУПаў. На гэты раз іх чакала не традыцыйная вясёлая эстафета, а музычны конкурс “Угадай мелодзію”. Удзел у музычных баталіях прымалі пяць каманд – КСУП “Русь-Агра”, КСУП “Белагурна”, КСУП “Дварэц-Агра”, ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Жукоўшчына”. Яны годна справіліся з прапанаванымі выпрабаваннямі – адгадвалі мелодыі і самі спявалі песні, тэксты якіх выцягнулі ў час жараб’ёўкі. На працягу ўсёй гульні самыя высокія здольнасці да адгадвання мелодый дэманстравала каманда КСУП “Белагурна”, “на ўра” ў яе ўдзельнікаў атрымаўся і музычны нумар, таму журы прысудзіла белагурнаўцам галоўную ўзнагароду свята. Другое месца заняла каманда КСУП “Жукоўшчына”. Замкнулі тройку лідараў гаспадары пляцоўкі – каманда КСУП “Русь-Агра”. Пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі салодкія прызы – скрыначкі з духмяным мёдам.

Радасць, бадзёрасць і выдатны настрой ўдзельнікам свята дарылі артысты Гродзенскай абласной філармоніі. Сваёй невычэрпнай энергіяй здзіўляў гледачоў вядомы ў нашай краіне і за яе межамі віртуоз ігры на балалайцы Аляксандр Варанішча. Пры падтрымцы самых адважных удзельнікаў свята Аляксандр наладзіў цэлае танцавальнае шоу. Асабліва стараліся маленькія танцоры. Раклевічы ў час Свята мёду гулі, як вулей.

Па матэрыялах Дзятлаўская раённай газеты «Перамога»

Поўны тэкст артыкула і больш фота на афіцыйным сайце выдання (перайсці)