Сіла прыцягнення “Дэмбраўскай кадрылі”

Танец “Дэмбраўская кадрыля” ўжо даўно набыў вялікую папулярнасць не толькі ў нашым раёне. “Дэмбраўская кадрыля” – адзін з брэндаў Шчучыншчыны. Яе танчыць не адно пакаленне нашых землякоў. Мы накіраваліся ў госці да ўдзельнікаў і кіраўніка ўзорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка”, каб даведацца ўсе сакрэты мясцовага танца, якому ў 2019 годзе быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці элементу нематэрыяльна-культурнай спадчыны.

Кадрылю ў Дэмбраве танцавалі стагоддзе таму. Танец быў адноўлены ў 1972 годзе мясцовымі жыхарамі. Сёння ён уяўляе сабой узор культурнай самабытнасці дадзенага рэгіёна. Выконваюць танец 6 пар без перапынку на працягу 4 хвілін. “Дэмбраўская кадрыля” з характарам. Фігур больш за дзясятак, і ніхто іх не абвяшчае. Асобныя фігуры выконваюцца тройкамі. Для кадрылі характэрна хуткая змена разнастайных фігур і малюнкаў (лінія “ручаёк”, калона), а таксама розныя пераходы, змена партнёраў, абход адзін аднаго, парамі і іншае

 

Сёння кадрыля выконваецца ўдзельнікамі ўзорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка” Дэмбраўскага Дома фальклору. Адметна, што захавальнікамі слаўных беларускіх традыцый сталі не толькі школьнікі, але і іх бацькі.

У дзень майго прыезду мясцовы Дом фальклору напоўніўся жывой гаворкай. Шчырыя і вясёлыя, сціплыя і неверагодна таленавітыя юнакі і дзяўчаты сабраліся, каб пагаварыць пра традыцыі. Спачатку рабяты сядзелі ціхенька: прыслухоўваліся да расказу кіраўніка, папраўлялі свае квяцістыя строі. Праз некалькі хвілін ужо было чуваць, як не-не ды цокне абцас чаравічка. Відаць, не церпіцца танцорам пусціцца ў скокі. Трэба заўважыць, што строі ў рабят шыкоўныя, з ручной вышыўкай. Сімвалы сіметрычныя, чорна-чырвоныя, характэрныя менавіта для гэтай мясцовасці.

За поспехі рабят шчыра радуюцца загадчыца Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору Алена Аліхвер і кіраўнік узорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка” Эльвіра Сухоцкая. Алена Іванаўна расказала, што “Скарбоначка” даўно аблюбавала не толькі сцэну райцэнтра, але і “засвяцілася” на розных фестывальных пляцоўках нашай краіны. Яе ведаюць, ёй ганарацца.

– Мы ніколі не выступаем дзеля “галачкі”, – кажа А.І. Аліхвер. – Мы едзем перамагаць, танцуем так, што з намі пускаюцца ў скокі нават замежныя госці. “Скарбоначка” прымае ўдзел у фестывалях “Панямоння жыватворная крыніца”, “Паміж намі, суседзямі”, выступае на конкурсах у розных гарадах нашай краіны.
Алена Іванаўна з сумам расказвае, што сёлета некалькі танцораў – выпускнікі, а значыць хутка пакінуць Дэмбрава. Андрэй Савіцкі, Дар’я Акперава, Артур Бялоцкі і Ілля Пазняк таксама сумуюць, але абяцаюць, што на канікулах на іх можна разлічваць!

– Нават не памятаю, калі прыйшоў танчыць, – распавядае выпускнік Андрэй Савіцкі, які сёлета плануе стаць студэнтам Гродзенскага ўніверсітэта. – Магчыма, гадоў 10 таму. “Дэмбраўскую кардылю” танцаваў мой тата Валера. Менавіта ён і прывёў мяне сюды. Так атрымалася, што я нават танчыў у татавых ботах. Увогуле, ў віхры кадрылі кружылі ажно 6 маіх сваякоў мужчын! Танчыла і мама з сястрой. Зараз падрастае добрая змена – чатырохгадовы брат Данік. Мне вельмі падабаецца танцаваць у нашым калектыве, і тым самым прадаўжаць народныя традыцыі. Да таго ж мы ўсе, як адна вялікая і дружная сям’я, заўсёды падтрымліваем адзін аднаго.

Андрэй не адзіны, у каго сваякі – танцоры. Напрыклад, у Сухоцкіх танчыць адразу некалькі пакаленняў. Пачатак дынастыі – Святлана Галонская. З яе ўзялі прыклад дочкі – Надзея, Вікторыя і Наталля. Эльвіра Сухоцкая ўвогуле стала кіраўніком узорнага фальклорнага калектыву “Скарбоначка”. За Эльвірай у танцы кінуліся муж Андрэй, сыны Захар і Аляксандр. “Дэмбраўская кадрыля” стала сямейным танцам і для Шведаў, Дзікевічаў, Бабееў, Малышкаў і іншых.

Адметна, што дэмбраўская моладзь танцуе не толькі кадрылю, але і яшчэ каля 20 арыгінальных і самабытных побытавых танцаў!

– А што за танцы? – цікаўлюся ў рабят.

– “Турэйская кадрыля”, “Полька-бабачка”, “Лысы”, “Кракавяк”, “Мальвіна” , “Грачанікі”, “Лявоніха”, “Рэчанька”, – наперабой адказваюць хлопцы і дзяўчаты.

– Мусіць, складана танцаваць, рухі запамінаць?

– Не! – усміхаюцца мае суразмоўцы. – Мы ўжо ўсё ведаем, любога можам навучыць!

Прашу ў дэмбраўцаў паказаць некалькі элементаў беларускіх аўтэнтычных танцаў. Па камандзе кіраўніка за лічаныя хвіліны танцоры выстраіліся парамі пад яблынькай, што патанала ў майскіх суквеццях. Ад бойкага тупацення, здавалася, сама зямля загула ў такт музыцы.

 

 

Загадчыца Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору Алена Аліхвер пераканана, што ўсе яе рабяты – таленавітыя, і прызналася, што падбірае танцораў на… мясцовай дыскатэцы! Удзячна загадчыца за разуменне бацькам выхаванцаў і за спонсарскую дапамогу кіраўніку ААТ “Дэмбрава” А.В. Туля.

– Гаспадарка падаравала нам выдатную сцэну, дапамагае з транспартам, а зараз выдзеліла сродкі для пашыву новага абутку для нашых танцораў! З такой падтрымкай нам танчыцца весялей.

Пра сябе адзначаю, што, нягледзячы на розны ўзрост, усе рабяты выдатна танцуюць. А яшчэ аказалася, што дэмбраўскія танцоры выдатна спяваюць і разам з работнікамі Дома фальклору збіраюць прыказкі і прымаўкі, ходзяць калядаваць, гукаюць вясну, шукаюць папараць-кветку, адным словам, захоўваюць нашы беларускія традыцыі і абрады. Кадрыля – гэта не толькі традыцыі, гэта сяброўства і першае каханне, сувязь пакаленняў і патрыятычнае выхаванне. А значыць, жыць “Дэмбраўскай кадрылі” і лепшым традыцыям Шчучыншчыны.

«Дзянніца»

Ганна КАСПЕР.

Фота аўтара.