Справаздачная выстаўка “Скарбы Іўеўскага краю” майстроў народнай творчасці аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі ЦКіВЧ”

З 12 кастрычніка 2022 года ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці пачне працаваць справаздачная выстаўка “Скарбы Іўеўскага краю” майстроў народнай творчасці аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Іўеўскі ЦКіВЧ”.

У экспазіцыі выстаўкі будзе прадстаўлена каля 100 работ выкананыя ў розных тэхніках дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: салома і лозапляценне, ткацтва паясоў, традыцыйны народны касцюм, вышыўка, выцінанка, беларуская лялька, фларыстыка, роспіс па шкле, графіка і інш.

Адметнасцю выстаўкі стануць мугіры – вышытыя крыжыкам, бісерам і алмазамі, распісаныя па шкле цытаты з Карана, прадназначаныя для ўбранства храмаў і дамоў у якасці абярэга, выкананыя жыхаркай г. Іўе Эміліяй Шабановіч.

Асаблівае месца ў экспазіцыі зоймуць творчыя работы носьбітаў і транслятараў элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Беларускія мастацкія практыкі саломапляцення (мастацкія практыкі саломапляцення Гродзенскай вобласці)”, “Беларускае мастацтва выцінанкі (мастацтва выцінанкі Гродзенскай вобласці)”, якія ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Выстаўка будзе працаваць да канца лістапада 2022 года.