Свята «Каляды» адбылося ў Барунах Ашмянскага раёна

“Сёння ў Віфліеме, сення ў Віфліеме радасна навіна,

Чыстая Дзева, Чыстая Дзева нарадзіла сына,

Хрыстос нарадзіўся, Бог абвясціўся,

Ангелы спяваюць,пастушкі  іграюць,

Дзіва дзіўнае абвяшчаюць!

Так 7 студзеня ўдзельнікі драматычнага гуртка “Вытокі”, арганізаваным пры клубе, прынялі ўдзел у прыгожым абрадзе. Разам з клубнымі работнікамі дзетвара выйшла  віншаваць жыхароў аграгарадка з Калядамі. Славілі гаспадароў, жадалі і свінак лахматых і цялушак рагатых, і каней вараных, і ў каморы і ў аборы, каб у гаспадароў прыбыў дастатак, у хату —  здароўе.

Цыганка варажыла гаспадарам, а хітрая Каза, выпрасіўшы ў гаспадароў пачастункі,  пад заліхвацкую “Лявоніху” пускалася ў танцы. Шчодра жадала гаспадарам святочнага настрою і дабрабыту.

Калядаванне ў Барунах  праходзіць у дзясяты раз, таму наш Калядны гурт прымаюць добра не толькі жыхары, але і праязджаючыя аўтамабілісты, якія з задавальненнем вітаюць нас сігналамі аўто. Мы, работнікі культуры, стараемся зберагчы традыцыі нашых продкаў і верым у тое, што падрастаючае пакаленне праз шмат гадоў перадасць веды аб народных абрадах і святах сваім дзецям.

Супрацоўнікі сельскага філіяла-клуба аг. Баруны