Свята народнай творчасці ўпершыню правялі на Слонімшчыне

18 ліпеня па Сянькоўшчыне ліліся беларускія спевы, а ад вяселых танцаў ды розных гульняў трошкі дрыжала зямля. Так вяскоўцы ды госці з гораду адзначылі свята народнай творчасці пад паэтычнай назвай «З крыніц адвечных прыгажосці».

https://www.slonves.by/svyata-narodnaj-tvorchasczi-%D1%9Epershynyu-pravyali-na-syanko%D1%9Eshchyne/

Далучыцца да родных традыцый можна было розным чынам. Хтосьці пайшоў да майстра Алены Мікалаеўны Міхед вучыцца вышываць абрадавы рушнік  з сімваламі сонца ды зямлі, хтосьці вырашыў адведаць той самы Паўлаўскі каравай з кубачкам смачнай пахучай гарбаты, прыгатаванай траўніцай-фалькларысткай Галінай Уладзіміраўнай Захарчук. Хтосьці зачараваўся прыгажосцю беларускага касцюма, прадэманстраванага ў дэфіле дзяўчынамі, жанчынамі і мужчынамі ў 14 розных варыянтах – святочных ды паўсядзенных. Радавалі вока і выставы майстроў Слонімшчыны, напрыклад, ткачых–85-гадовай Веры Андрэеўны Гаркавай ды яе 87-гадовай сястры Ніны Андрэеўны Роўгач. А вось самыя актыўныя танцавалі “кракавяк” і “ручаек”, прымалі ўдзел у музычных гульнях, спявалі разам с народным вакальным ансамблем “Славяначка”, народным ансамблем народная песні “Жывіца” і творчымі калектывамі філіяла “Наваселкаўскі цэнтр культуры”. Артысты-песняры падтрымалі атмасферу творчасці і вясковай непасрэднасці, улюбеннасці ў жыцце, у людзей, у родны кут.

Алена Юшкевіч