Свята нацыянальнай кухні “Лунненскія пачастункі” прайшло ў аграгарадку Лунна Мастоўскага раёна

Шкада, што праз словы і фотаздымкі нельга перадаць пах і смак страў, што лунненскія гаспадыні прыгатавалі да свята, якое сабрала жыхароў аграгарадка і суседніх вёсак. Па словах старшыні Лунненскага сельвыканкама Ігара Глода, сёлета ў “Лунненскіх прысмакаў” невялікі юбілей – пяць гадоў назад мерапрыемства ладзілася ўпершыню. За гэты час яно набыло статус брэндавага і сваіх пастаянных прыхільнікаў.

Чым жа здзіўлялі аднавяскоўцаў і гасцей дбайныя лунненскія гаспадыні на гэты раз? Ала Матчэня прыгатавала кабачковыя аладкі з …сырам і вяндлінай. Апошнія, як кажуць, спецыяльна для мужчын, якія годна ацанілі страву. Ажурныя хрушчы – справа ўмелых рук Ганны Савіцкай, а выраб арыгінальных канапэ па-беларуску дасканала асвоіла Ганна Шумель. Салодкія прысмакі заўсёды ўдаюцца ў Любові Цвёрдай і Галіны Венцковіч. Свае фірмовыя блінчыкі з розным начыннем на выставу прадставіла Алена Грыб. Шчыравала на кухні перад святам і Вольга Ракіцкая, а Алена Дзяшук вырашыла падзяліцца рэцэптамі смачных марынадаў і нарыхтовак на зіму. Адным словам, святочны стол атрымаўся шчодрым і надзіва разнастайным.

Дапоўнілі выставу таксама творчыя работы членаў клуба “Залаты ўзрост” і мясцовых майстроў А. Шумель, М. Якімавай, І. Салей. Тут жа ўсе жадаючыя мелі магчымасць пазнаёміцца з кніжнай выставай “Кулінарыя для ўсіх”.

А тым часам на пляцоўцы ля Лунненскага цэнтра вольнага часу і культуры збіраліся гледачы, каб атрымаць асалоду і добры настрой ад выступлення артыстаў. Свае музычныя падарункі вяскоўцам у гэты жнівеньскі суботні дзень падрыхтавалі народны ансамбль народнай песні “Ярыца” і салісты Мастоўскага раённага цэнтра культуры, а таксама калектывы аматарскага мастацтва з Дубна і Глядавіч. Парадавалі сваёй творчасцю і мясцовыя артысты. Добрыя песні і пазітыўныя эмоцыі дарылі салісты гледачам, а ўзамен атрымлівалі шчырыя апладысменты і кветкі.

Не сумавалі на свяце дзеці і падлеткі: пра іх вольны час арганізатары таксама паклапаціліся. Так, Мастоўская раённая бібліятэка зладзіла дзіцячую пляцоўку з батутам для самых малых, аэрахакеем і настольным футболам. Тут жа можна было набыць надзімныя кветкі і ўпрыгожыць твар надзвычайным аквагрымам. Чым мясцовыя модніцы не прамінулі скарыстацца.

Шмат удзельнікаў сабрала і анімацыйная праграма для дзяцей з удзелам Чалавека-павука і поні Селестай. Было дзе пачаставацца салодкай ватай, папкорнам, набыць прыемныя дробязі і пакінуць частку сваёй энергіі – працавалі надзімныя батуты.

А завяршылася свята ў Лунна “Пеннай вечарынкай” з удзелам дыджэя Андрэя Валковіча.

Наталля ШЭЎЧЫК