На маляўнічай беларускай зямлі ёсць невялікія, на першы погляд непрыкметныя вёсачкі, з якіх складваецца прыгажосць і хараство нашай Радзімы. Якраз святы такіх вёсак і адзначалі 27 мая на тэрыторыі Гудзевіцкага сельскага савета – гасцей сустракалі Ляткі і Міткевічы.
У гэты дзень усе прысутныя з задавальненнем здзейснілі ўяўнае падарожжа ў мінулае. Госці ўспомнілі пра людзей, якія праславілі сваю малую радзіму, ушанавалі памяць Белакоза Алеся Мікалаевіча – заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь.
Шмат добрых слоў у адрас сельскіх жыхароў сказала старшыня Гудзевіцкага сельвыканкама Басінскі К.В. Вядучыя мерапрыемства разам з гасцямі прагуляліся па вёсках Ляткі і Міткевічы, зайшлі ў госці да кожнага гасціннага гаспадара. Асаблівая павага ў гэты дзень была праяўлена да людзей сталага ўзросту, чыё жыццё прайшло ў родным краі (Леусік П.Ф., Пазняк У.І., Санюк М.А., Эйсмант В.А., Эйсмант А.А., Белакоз В.І., Кажэцкая Н.М.). Прысутнічалі на свяце і самыя шаноўныя жыхары, якім ужо за 90 гадоў: Сырэй З.Г., Рыбалка Н.М. і Кібік В.М. Людзі залатога ўзросту атрымалі падарункі і, вядома ж, у іх гонар прагучалі песні.
З асаблівай павагай віталі на свяце сям’ю настаяцеля храма Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы аг. Гудзевічы Сеня М.В., якая шмат гадоў жыве ў в. Ляткі. Тут Мікалай Васільевіч і Марыя Пракопаўна выгадавалі шасцярых дзяцей, што падарылі ім дзевятнаццаць унукаў. Айцец Мікалай павіншаваў сваіх аднавяскоўцаў са святам Святой Тройцы і са святам роднай вёскі.
Ушаноўвалі ў гэты дзень і імяніннікаў, і пераможцаў конкурсу «Двор узорнай культуры», і ўдзельнікаў выстаўкі рукадзелля. Усе атрымалі падарункі, пачулі шмат душэўных песень і добрых слоў.