Прыемны водар рыбы напоўніў аг. Пескаўцы ў мінулую нядзелю, дзе ладзілася брэндавае мерапрыемства “Уха-царица приглашает подружиться!”, у якім прынялі ўдзел клубныя ўстановы Лідчыны.
Якіх тут толькі відаў юшкі не было! Юшка белая і чорная (адрозніваюцца спецыямі), класічная, “трайная” (з трох відаў рыбы), янтарная (падфарбаваная шафранам) і нават “пахмельная” (з дабаўленнем часнаку і лімона).
У якасці журы выступалі мясцовыя жыхары. Больш за ўсё галасоў было аддадзена юшцы пад назвай “Улюбюшка”, якую варылі ў Мінойтах. Таксама гасцям вельмі прыйшлася даспадобы юшка з Ганчароў і Беліцы. Самы смачны рыбны пірог атрымаўся ў Галіны Сафонавай з Пескаўцаў.
Праграма свята была цікавай і насычанай. Гаспадары, а гэта Пескаўскі Дом культуры, прадставілі майстар-клас па прыгатаванні адмысловай пескаўскай юшкі. Вяскоўцы ахвотна прымалі ўдзел у конкурсе рыбацкіх былін і баек, у гульнёвым атракцыёне “Рыбалка”.
Душэўнымі песнямі парадавалі калектывы аматарскай творчасці Дзітвянскага Дома культуры і народны сямейны ансамбль “Мы з вёскі-калыскі” (Парфенчыкаў) з Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра.
Вось так весела і смачна адзначылі на беразе Нёмана свята юшкі і Міжнародны дзень рыбака.