Таленты варнянскага краю

У аддзеле культуры і вольнага часу агра­гарадка Варняны Астравецкага раёна праходзіць выстава «Сям’я талентамі багата», дзе прадстаўлены творчыя работы жыхароў аграгарадка. 

Задуму арганізаваць вернісаж ра­бот творчых аднавяскоўцаў нястомная краязнаўца і паэтэса, а цяпер культурны арганізатар Людміла Кухарэвіч выношвала даўно.

– Здавён варнянскі край вядомы тале­навітымі і працавітымі сынамі і дочкамі. Тут варта ўзгадаць і Старога Уласа, і Часлава Навіцкага, –  гаворыць Людміла Іванаўна. – І цяпер у аграрагадку ёсць шмат цікавых  людзей – але пра іх мы не ведаем.

Педагога Лідзію Лакевіч можна лічыць сапраўдным мадэльерам – пруткамі і кручком яна стварае шэдэўральнае адзенне: безрукаўкі, шалікі, касцюмы.

7.jpg

Побач з работамі Лідзіі Аляксандраўны размясціліся вышываныя яе матуляй і бабуляй кашулькі і камізэлька.

8.jpg

Немагчыма адарвацца ад вышываных крыжыкам карцін Люд­мілы Саленік і Галіны Шагун. Лебедзі ў атачэнні заснежаных шатаў дрэў, Маці Божая, Домік дзяцінства, палявыя кветкі – тэматыка работ таленавітых жанчын розная.

9.jpg

Самастойна асвоіла тэхніку лазапляцення Ганна Гануліч. Ажурныя фруктоўніцы, кошыкі і вазы пляце жанчына.

2.jpg

Часлаў Юркойць, які займаецца чаканкай, прынёс даспехі, меч і бязмен, а таксама старадаўнюю карціну.

3.jpg

Знайшлося месца на выставе і адноўленай скрыні рукамі добра вядомага ў акрузе чырвонадрэўшчыка Алега Кісялевіча.

Асобнае месца ў зале займаюць карціны светлай памяці Юрыя Граблеўскага. Нягледзячы на складаную хваробу, мужчына цалкам аддаваўся творчасці: нумар за нумарам, мазок за мазком – так нараджаліся карціны.

5.jpg

Выкананыя ў тэхніцы дэкупаж работы, вязаныя сурвэткі, дыванкі і многае іншае прадставілі Люцыя АдулаТаццяна Радкевіч і Анжаліка Дваяжонава.

6.jpg

Першыя наведвальнікі выставы – выхаванцы і педагогі  азда­раўленчага летніка «Экакрая­знаў­цы» – завочна праз работы пазнаёміліся з адоранымі земля­камі.

Алена ЮРКОЙЦЬ

«Астравецкая праўда»