Як бы мы ні ставіліся да прагрэсу, тэлебачанне – гэта цуд. Кожны дзень мы ўключаем гэтую “чорную скрыню” – і на экране з’яўляецца штосьці надзвычайнае і неверагоднае.
Калі ў аг. Вялікія Азёркі прымчаўся аўтобус з яркімі надпісамі “БТ”, на стадыён школы рушылі амаль усе вучні. “Тэлебачанне прыехала!” – крычалі дзеці.
Так, у Азёркі прыехала беларускае тэлебачанне. Галоўная дырэкцыя тэлеканала “Беларусь” запланавала прэм’еру праекта “Жывая культура”, прысвечанага нематэрыяльнай культурнай спадчыне Беларусі. І вось, 23 красавіка адбыўся запіс праекта, у рамках якога быў прадстаўлены мясцовы танцавальны стыль (“Котчынская кадрыля”).
Азёркаўцы з вялікай цікавасцю знаёміліся са сталічнымі гасцямі: аўтарам і кіраўніком праекта Габец Надзеяй Сяргееўнай, вядучай Кацярынай Ваданосавай, рэжысёрам тэлебачання Уладзімірам Біндзюковым, асістэнтам звукарэжысёра Іллёй Хмяльніцкім і тэлеаператарам. Гэта тыя людзі, якія ведаюць пра тэлебачанне амаль усё. І менавіта яны адказныя за той цуд, які мы, простыя абывацелі, бачым штодзень на экранах.
У цудоўны красавіцкі дзень нават надвор’е спрыяла танцорам. Скакалі кадрылю і дзеці, і пажылыя! На гармоніку іграў выдатны гарманіст Шаміль Тайраў, а разам з ім Ірына Содаль, Людміла Касач, Барыс Плішань – інструментальная група народнага ансамбля народнай песні “Ярыца” Мастоўскага РЦК.
Праект “Жывая культура” – гэта вялікі гонар за нашу краіну, за мастоўскія традыцыі, за нашых продкаў і дзяцей. І запланаваты ён быў для таго, “каб наша спадчына не была страчанай”!