Нам у спадчыну пакінуты цікавыя традыцыі народнага застолля, у аснове якіх ляжаць беражлівыя, уважлівыя адносіны да прадуктаў харчавання. Сакрэты беларускай традыцыйнай кулінарыі перадаваліся з пакалення ў пакаленне і захоўваліся на працягу стагоддзяў. Аднак з цягам часу некаторыя рэцэпты губляліся, іншыя – мяняліся, і з’яўляліся новыя, у тым ліку набытыя ад нашых суседзяў. Так, у в. Поразава, што на Свіслаччыне, захавалася майстэрства прыгатавання традыцыйнага торта – банкухі.
Геаграфічная блізкасць і гістарычныя сувязі паспрыялі цеснаму перапляценню культурных традыцый Беларусі і сумежных краін. Сёння не вядома, з якой дакладна мясцовасці быў прывезены ў Поразава рэцэпт банкухі – з Польшчы ці з Літвы, але ўжо даўно мясцовыя жыхары лічаць яго сваёй традыцыйнай стравай.