Пачалося свята шэсцем па вуліцах аграгарадка і зборам старых, непатрэбных рэчаў, якія пазней спалілі на абрадавым вогнішчы. Пад гучныя песні народнага ансамбля песні і танца “Крыніцы” Ашмянскага раённага цэнтра культуры гледачы прынялі ўдзел у “Блінным карагодзе”, абрадавых гульнях і конкурсе “Запляці касу”.
Прадоўжылася свята ўжо ў аддзеле культуры і дасуга. “Гаспадары хаты”, “муж” і “жонка” Сняжана Кагадоўская і Аляксей Філон, частавалі гасцей мясной прадукцыяй і стравамі, бо на Загаўліны трэба “сем разоў паесці, каб сем тыдняў пасціць”. Потым галоўныя героі свята прапанавалі ўсім прысутным адарваць ад пудзіла па шматку ды закапаць яго на агародзе, каб урадлівым быў увесь год. Нежанатыя хлопцы па традыцыі “цягнулі калодку” і адкупаліся грашыма ці песняй. Сёлета жанчыны с найбольшым шлюбным стажам прынялі ў “карпарацыю жонак” маладую дзяўчыну, якая выйшла замуж у гэты Мясаед. Завітаў на свята і Запуст, які нагадаў прысутным, што трэба як мага хутчэй запусціцца.
Завяршылася абрадавая частка мерапрыемства “прабачальнай бяседай” ды накрываннем стала белым абрусам і кажухом, каб дабрабыт і дастатак панавалі ў хаце. Прыемным падарункам для гледачоў стала выступленне калектыву “Польскае рэха Астраўца”, ад фальклорных песень і танцаў якога было цяжка ўтрымацца на месцы!