Традыцыйна ў першыя дні надыходзячай зімы ў Грынкаўскім сектары культуры і вольнага часу праводзяцца паэтычна-песенныя святы. Сёлетні фестываль паэзіі і песні “Я пакланюся нізка да зямлі!” быў прысвечаны Году малой радзімы. Пачалося свята з літаратурна-музычнай кампазіцыі “Песенны край” у выканнані вакальнага калектыву “Спадчына”.
Гасцямі свята сталі мясцовыя паэты: Іван Ламашкевіч, Зоя Карпук, Наталля Цяцерыч. Вершы Сяргея Лукшы чыталі прадстаўнікі маладога пакалення вяскоўцаў – Аляксандр Дубінін і Ксенія Трахімік. Цудоўную песню, якая нарадзілася ў сааўтарстве Сяргея Лукшы і Святланы Гінч чулліва праспявала Святлана Гінч. Адбылася і доўгачаканая прэм’ера: кампазіцыю “Песня о Гринках” выканаў аўтар Іван Ламашкевіч пад акампанемент Віктара Раманчука. Усе госці атрымалі падарункі і сімвал фестывалю – сувенір “Птушка”. У гэты дзень гучалі шчырыя пажаданні натхнення і здароўя на доўгія гады.
У рамках фестывалю была аформлена кніжная выстаўка, дзе былі прадстаўлены фотаздымкі паэтаў, іх паэтычныя зборнікі, кнігі пра нашу родную сінявокую Беларусь. На свяце ўшанавалі самых актыўных чытачоў сталага ўзросту – Алену Салагубік, Лідзію Лінкевіч і Веру Ярош. Незвычайны дзень завяршыўся канцэртнай праграмай з удзелам калектываў аматарскай творчасці Зэльвеншчыны.