Трэці раз запар у звонкіх і пявучых Грынках адчыніў свае дзверы фестываль рукадзельніц “Утульны дом”. Фестываль распачаўся з музычна-паэтычнай замалёўкі “У Грынках жывуць слынныя людзі”, якая паклікала ўдзельнікаў у цікавы гістарычны экскурс у той далёкі час, калі ў гаманлівай Белавежскай пушчы з’явілася вёсачка з прыгожай назвай. І паліліся песні, якія з даўніх часоў спявалі тутэйшыя людзі: на вячорках, на вяселлях, на хрэсьбінах… А сёння іх шчыра і прыгожа спяваюць удзельнікі вакальнага калектыву “Спадчына”.
А далей адбывалася самае цікавае… Спявала гліна пад умелымі ласкавымі рукамі Віталя Аніські. Золата саломы заварожвала і прываблівала да сябе нават самых маленькіх удзельнікаў майстар-класа, які з задавальненнем праводзіла Ірына Фунт. Ганна Нехайчук заваражыла сваімі цудоўнымі квяцістымі вышыўкамі. Не адарваць было вачэй ад хуткіх рук Жанны Сыраежкі. Нібыта дзве гарэзлівыя птушкі, яны вольна лёталі над прыгожымі паясамі. З вялікім захапленнем працавалі дзеці разам з Зояй Радзівонік над гарэзлівымі Дамавымі, якія пасля свята пасяліліся ў маленькіх вяскоўцаў. З цікавасцю сачылі юныя вочкі за Інай Шпак, а маленькія ручкі спрабавалі зрабіць стыльныя вырабы са скуры…
Захапленне выклікала асабістая выстаўка грынкаўскай ткачыхі Марыі Андрэеўны Пічкоўскай “Дываны майго жыцця”. Марыя Андрэеўна заўсёды з задавальненнем аддае свае вырабы на розныя выстаўкі, каб людзі падзівіліся ды цанілі хараство чалавечых рук…
Удзельнікі дзіцячых аб’яднанняў “Турыстычная гасцёўня” і “Лесавічок” запрасілі ўсіх жадаючых прыняць удзел у акцыі “Не вырай вабіць, а радзіма”. На маладым дубку ля клуба з’явіліся тры рознакаляровых шпакоўні і шыльда “Грынкі” як напамін усім аб тым, што птушкі з выраю заўсёды вяртаюцца дамоў. І трэба, каб людзі вярталіся ў свой родны куток. Тады і вёска будзе жыць!
Але самай эмацыянальнай кропкай фестывалю стаў веласіпедны заезд “Ровар-рух”, які быў прысвечаны 75-годдзю Гродзенскай вобласці. Такой колькасці веласіпедаў каля клубнай установы яшчэ ніколі не было!.. На фінішнай прамой ён сабраў і дарослых, і моладзь, і людзей сталага ўзросту. Сярод удзельнікаў – тыя, хто лічыць ровар у вёсцы самым патрэбным і самым любімым сродкам руху. Хваляваліся ўсе! Эмоцыі перапаўнялі балельшчыкаў, а больш за усё – удзельнікаў: веласіпедны заезд у вёсцы ладзіўся ўпершыню. Пяць намінацый былі прадстаўлены ў свяце ровара: “Малыши-карандаши”, “Одуванчики”, “Сказочные герои”, “Майский хороворд” і “СуперЛеди”. Удзельнікі кожнага заезду былі адметна упрыгожаны – букетамі, аксэсуарамі, кветкамі. Самымі прыгожымі, на погляд гледачоў, былі “СуперЛеди”. Што і казаць: вопыт, імпэт і добры настрой панаваў сярод сяльчанак, якім ад 55 і болей гадоў. Сярод іх равесніца Гродзенскай вобласці Раіса Іосіфаўна Сухоцкая, якая адзначыць свой юбілей напрыканцы мая.
Было вельмі прыемна бавіць час падчас канцэрта ўдзельнікаў аматарскіх калектываў з Ваўкавыскага раёну. Дзетвара з задавальненнем гуляла на батутах і ласавалася папкорнам. Можна было набыць розныя сувеніры ды пагуляць у бяспроігрышную латэрэю. Нягледзячы на надвор’е – то сонейка нам усміхалася, а то ліў шпаркі дожд, – настрой і ў арганіўзатараў мерапрыемства, і ва ўсіх, хто прыйшоў суботнім днём у клубную ўстанову, быў цудоўны. Было аб чым пагаварыць, нечаму навучыцца, убачыцца са знаёмымі, або паназіраць за выразнымі эмоцыямі вяскоўцаў і гасцей.