У Дзятлаве прайшоў семінар работнікаў культуры Прынёмання

Дзятлаўшчына стала пляцоўкай для абласнога семінара, які сабраў дырэктараў і кіраўнікоў аддзелаў метадычнай работы дамоў, цэнтраў, палацаў культуры і народнай творчасці горада Гродна і раёнаў Прынёмання.

Калегі па творчым цэху дзяліліся вопытам работы па тэме: “Прыярытэтныя напрамкі дзейнасці клубных устаноў па арганізацыі вольнага часу людзей розных узроставых катэгорый. Сацыяльна-творчыя праекты і акцыі”.

Знаёмства гасцей з раёнам і вядомымі дзятлаўчанамі пачалося ў фае Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ладзілася выстава работ знакамітага земляка, члена Саюза мастакоў Беларусі, мастака-кераміста Мікалая Несцярэўскага пад назвай “Тварэнні рук, сагрэтыя цяплом”.

На пачатку сустрэчы ўдзельнікаў семінара чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз: іх гасцінна запрасілі падмацавацца цёплым чаем і пакаштаваць традыцыйныя прысмакі нацыянальнай кухні на выставе-дэгустацыі страў “Парады бабуляў – майстэрства ўнукаў”.

З галоўнымі старонкамі гісторыі Дзятлаўшчыны і важнымі дасягненнямі раёна на сучасным этапе развіцця ўдзельнікаў семінара пазнаёміў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён пажадаў работнікам культуры Прынёмання паспяховага абмену вопытам і новых творчых ідэй.

Начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч зазначыла, што Дзятлаўшчына не выпадкова была выбрана пляцоўкай для семінару: па выніках работы галіны культуры ў 2020 годзе раён заняў першае месца ў вобласці ў сваёй падгрупе, мае цікавы вопыт прэзентацыі сваіх напрацовак у інтэрнэт-прасторы.

Алена Віктараўна заклікала прысутных у час семінара пастарацца занатаваць для сябе лепшыя ідэі і формы работы дзятлаўчан, каб затым выкарыстаць іх ва ўласнай практыцы або пакласці ў аснову новых праектаў.

 

Ірына СТЫРНІК

«Перамога»

Больш фота: http://diatlovonews.by/2021/06/u-dzyatlave-prahodzic-seminar-rabotnika-kultury-prynjomannya/?hlnglfcbimophdbi