У Карэліцкім раёне напярэдадні Дня Перамогі павіншавалі ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны

Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню Перамогі, пачаліся на Карэліччыне ў пачатку тыдня. У панядзелак, 7 мая, у рамках рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” на Карэліччыне прайшла аўтаакцыя “Гваздзіка”.

Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны гасцінна сустракалі моладзь у ваенных гімнасцёрках з гваздзікамі і віншавальнымі лістамі ў руках, з вуснаў якіх гучалі словы ўдзячнасці за цішыню і спакой на роднай зямлі.

Рухаючыся па маршруце аўтаакцыі “Гваздзіка”, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Л. М. Шэўка, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК І. Л. Пянькоўская, старшыня Маладзёжнага савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў А. У. Басюк, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Я. А. Пархамовіч і намеснік старшыні СВК “Маяк-Заполле” па ідэалагічнай рабоце В. Я. Грыгаровіч наведалі ўдзельнікаў вайны з г.п. Карэлічы і Красненскага сельсавета: ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны П. І. Шэўку, А. Я. Грышыну і У. К. Пліско, блакадніцу З. П. Ляшчынскую, партызанскую сувязную Н. П. Кужалевіч і Г. Д. Бязмен, якая падчас вайны працавала ў тыле.

– Мы, пасляваеннае пакаленне, удзячны вам за тое, што нам не давялося пачуць грукат ваеннай тэхнікі і ўбачыць жахлівыя карціны баявых дзеянняў. Ваша мужнасць і вытрымка назаўсёды стануць прыкладам патрыятызму для будучых пакаленняў, – выказала словы ўдзячнасці ветэрану вайны П. І. Шэўку Лідзія Шэўка. – Дзякуй вам, Пётр Іосіфавіч, за мір і спакой, квітнеючы май і Дзень Перамогі.

Падчас правядзення аўтаакцыі “Гваздзіка” яе ўдзельнікі аддалі даніну павагі ўсім тым, хто мужна абараняў Радзіму ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, але так і не дачакаўся пераможнага мая. Да падножжа мемарыяльнага комплексу “Зорка”, помнікаў салдатам, загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны, у агр. Краснае і в. Тударава ўдзельнікі аўтаакцыі ўсклалі кветкі.

– Страшэнныя падзеі вайны не павінны быць забыты. Гэта наш агульны боль, які не павінен паўтарыцца, – звярнуліся да родных ветэранаў і жыхароў Карэліччыны члены Маладзёжнага савета Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў, уручаючы ім паштоўкі “Памятайце”.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара і Анастасіі КРАСНОЎСКАЙ.

Источник: Газета «Полымя»