Сёння цэнтр раёна перамясціўся ў аграгарадок Малі: тут прайшло свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі – тых людзей, якія самааддана, часта без святаў і выхадных, працуюць на палях, фермах і комплексах.
Лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплекса раёна вітаў святочна ўпрыгожаны Мальскі дом культуры, у фае якога размясцілася фотавыстава “Людзі працы – гонар нашага краю!” і выстава работ майстроў і рамеснікаў. Сёлета было вырашана адмовіцца ад традыцыйных падворкаў. Але гаспадаркі ўсё ж прэзентавалі свае сельскагаспадарчыя прадпрыемствы падчас конкурса “Мы на таленты багаты”.
Аднак асноўным дзействам свята стала цырымонія ўзнагароджвання лепшых працаўнікоў аграпрамысловага комплекса раёна.
– Не ведаючы выхадных, вы працуеце, каб у кожнай сям’і на стале былі хлеб, малако, мяса, гародніна, – віншуючы працаўнікоў вёскі, сказаў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Яраслававіч Шалудзін. – Дзякуй вам за плён і нізкі паклон!
Віншаванні і падарункі перадавікам сёння адрасавалі і раённы Савет дэпутатаў, упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, райкам прафсаюза работнікаў АПК, грамадскія аб’яднанні і партнёры хлебаробаў і жывёлаводаў – прадстаўнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў.
Цудоўная канцэртная праграма лепшых артыстаў і калектываў раёна, у тым ліку і адроджанай “Кемяліны”, стала добрым падарункам ўсім, хто ў гэты дзень быў у зале. А завяршылася свята выступленнем цыганскага калектыва “Алюр”.
Па матэрыялах газеты «Астравецкая праўда»