У Свіслачы прайшоў рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны»

У мінулую суботу гарадскі парк Свіслачы ператварыўся ў каляровую святочную пляцоўку пад адкрытым небам. IV рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры «Скарбы Гродзеншчыны» аб’яднаў шматлікіх прыхільнікаў фальклорнай спадчыны прынёманскага краю.

Пяшчотнае летняе надвор’е, маляўнічыя пейзажы, гасцінныя і добразычлівыя людзі, сяброўская атмасфера – усё гэта паспрыяла таму, што апошняя ліпеньская субота ў Свіслачы выдалася сапраўды незвычайнай.

Перад гасцямі свята раскрылася ўнікальная скарбонка самых разнастайных каштоўнасцей гродзенскай зямлі. Народныя песні, побытавыя танцы, звычаі і абрады, выстаўка сапраўдных шэдэўраў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, стравы нацыянальнай кухні – падчас правядзення фестывалю кожны раён Гродзенскай вобласці прадставіў усё тое лепшае, што засталося нам ад продкаў. Пачэснае месца займалі выстаўкі-прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, падобнага фестывалю, дзе б традыцыйная культура была прадстаўлена настолькі цікава і шматбакова, няма ва ўсёй рэспубліцы!

Значную частку фестывальнай пляцоўкi занялi падворкi традыцыйнай культуры, аб’яднаныя назвай «Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякi». Тут было шматлюдна: i народных майстроў назбiралася, i гледачоў, што цiкавiлiся выставамi-продажамi самых разнастайных вырабаў, майстар-класамi па традыцыйных рамёствах, хацелi пазнаёмiцца з элементамi нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны i паспрабаваць рэгiянальныя традыцыйныя стравы. Усё гэта падрыхтавалi раёны Панямоння.

На ўваходзе ў парк запрашалi зазiрнуць на «Свiслацкi гасцiнец» народныя ўмельцы Свiслаччыны. Аддзел раместваў i традыцыйнай культуры прэзентаваў удзельнiкам фестывалю сваю сувернiрную прадукцыю. Дабравольскi народны майстар Святаслаў Ляшчук здзiўляў мастацкай апрацоўкай дрэва, Жанна Сыраежка з Сакольнiкаў – выцiнанкамi i ткацтвам, свiслачанка Iрына Фунт – саломапляценнем, яе калега Вiталiй Анiська – ганчарствам. Сваё месца каля яго глiнянага посуду знайшлi i вырабы поразаўскага ганчара Iосiфа Шопiка, якiя датуюцца 1970–1980 гадамi мiнулага стагоддзя. Дадавалi каларыту свiслацкаму падворку ручнiкi, сурвэткi, ходнiкi, накiдкi на падушку з калекцыi раённага цэнтра культуры. Нельга было прайсцi i мiма ханявiцкiх квашаных блiночкаў. З хатняй каўбаскай, што падрумяньвала бакi на патэльнi, шкваркамi, печанымi яйкамi – паспрабуеш, не забудзеш. А побач – каралева выпечкi – банкуха, што спецыяльна да свята прыгатавалi па самабытнаму рэцэпту поразаўскiя гаспадынi Ганна Шалкевiч i Алена Козюк. Завяршалi гэты парад прысмакаў традыцыйныя стравы нашага раёна – земляная кiшка i галушкi са шкваркамi. А запiць усё гэта гаспадары пляцоўкi раiлi лiпавым чаем. Сапраўды добра!

На суседнiм падворку здзiўляў ручнiкамi малой радзiмы Гродзенскi раён. Выклiкала апетыт адэльская ежа, дарылi асалоду работы аддзела этнаграфii, фальклору i рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-iнфармацыйнага цэнтра. А прыхiльнiкаў музыкi збiраў каля сябе майстар па вырабу музычных iнструментаў з аг. Адэльск Мар’ян Скрамблевiч.

Дакрануцца да самабытнай Бераставiччыны заклiкалi майстры па карункапляценні, саломапляценні, ткацтве, керамiцы і вышыўцы. Бераставiчане прапанавалi гасцям i мясцовы напой – «Крамбамбулю». А добры настрой абяцалi аматары народнага фальклору.

Шчучын прывёз на фестываль два творчыя калектывы: народны фальклорны гурт Ракавiцкага ДК «Вяргiня» i дзiцячы ўзорны фальклорны калектыў «Скарбоначка» Дэмбраўскага сельскага дома фальклору. Дарэчы, «Дэмбраўская кадрыля» мае з сакавiка гэтага года статус элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Сям’я Накладовiч прэзентавала тканыя паясы, выкананыя ў розных тэхнiках. А на стале – смажаны заяц i шчучынская бляха

Песеннай i танцавальнай творчасцю, прэзентацыяй святаў i абрадаў прадставiла сваю самабытнасць Лiдчына. На падворку можна было пабачыць i частку адноўленага святочнага абрада «Тры каралi». Тут вам у дадатак i традыцыйная народная вопратка, i галаўныя ўборы, i жаночыя торбачкi i сумкi. Частавалi ж гасцей лiдчане карпам запечаным «Па-белiцку», чырвоным кiсялём ды клёцкамi. Ну i, вядома, паляндвiцай. Як адзначылi гаспадары, «няма смачнейшай рэчы, чым свiнныя плечы».

Воранаўшчына славiцца народнымi майстрамi, чые рукi ўмеюць ткаць, вышываць, валодаюць глiнай. Дываны, створаныя землякамi, – iх гонар.

Народны сямейны ансамбль «Сваякi» сустракаў гасцей на падворку Ваўкавыскага раёна. Вясельны каравай – элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны – таксама можна было тут убачыць. Дарэчы, ваўкавыскiя гаспадынi – удзельнiкi кулiнарна-гiстарычнага шоу «Беларуская кухня». Банды на дубовых лiсцях i тыя стравы, без якiх не абыходзiцца беларускi стол, – вось чым частавалi тут гасцей.

Традыцыi выпечкi караваяў на Слонiмшчыне, фальклорны калектыў з Астравеччыны «Жiльвiцiс», «Мазгi ў яйках» i «Язык у вухе» ад Карэлiцкага раёна, густы моднiкаў i моднiц ХХ стагоддзя ад Навагрудчыны, кошыкi з лазы ў выкананнi сямейнай пары Аляксандра i Людмiлы Мускiх i таўчонiкi з душамі ад Смаргонi, паясы, ручнiкi, пано з цеста, лялькi i добрая песня ад Дзятлаўшчыны, многанацыянальны каларыт ад Iўеўскага раёна, спiральнае пляценне з травы i тканыя палавiкi ад мастоўскiх майстроў, майстар-клас за калаўротам ад сапраўднага народнага майстра Антанiны Пенцяк з Зэльвеншчыны, цуды з саломы, дрэва, глiны i нiтак ад ашмянскiх умельцаў, ткацтва габеленаў, традыцыi вырабу Велiкодных вербаў i кавальскi горн ад г. Гродна – усё гэта вабiла i не адпускала з такiх багатых на спадчыну падворкаў Прынёманскага краю.

На інтэрактыўнай пляцоўцы «Танцавальная вясельніца» выконваліся Гродзенскія кадрылі, дзе кожны мог прыняць удзел у майстар-класах па побытавых танцах, а на пляцоўцы «Кошык весялосці» народныя тэатры гульні Гродзенскай вобласці прапанавалі гульнёва-забаўляльныя праграмы. Упершыню госці фестывалю мелі магчымасць падзівіцца на багатую «Скарбніцу моды Панямоння».

У рамках фестывалю “Скарбы Гродзеншчыны” прайшоў конкурс фальклорнага мастацтва “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”, па выніках якога ўзнагародзіла пераможцаў.

Фотасправаздача ад Цімура Бабко (пасля вынікаў конкурсаў)

Пераможцы конкурсаў у рамках рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”

 

Конкурс падворкаў традыцыйнай культуры

 “Лепшы падворак традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”:
  • Лаўрэат І ступені – ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – ДУК “Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені – ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”.
“Лепшая калекцыя работ традыцыйных рамёстваў”:
  • Лаўрэат І ступені – ДУК “Навагрудскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені – ДУК “Свіслацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
“Лепшае прыгатаванне традыцыйнай стравы Гродзеншчыны”:
  • Лаўрэат І ступені – ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – ДУК “Воранаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені ДУ “Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.
 “Лепшая прэзентацыя падворка традыцыйнай культуры Гродзеншчыны”:
  • Лаўрэат І ступені – ДУК “Ваўкавыскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені ДУК “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”.

Пераможцы абласнога конкурсу традыцыйных рэгіянальных строяў “Скарбніца моды Панямоння”

“Лепшы аўтэнтычны рэгіянальны строй”:
  • Лаўрэат І ступені – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – аддзел рамесніцкай дзейнасці “Карэліцкі Дом рамёстваў” ДУ “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені – аддзел рамесніцкай дзейнасці і народнага мастацтва ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.
“Лепшая рэпліка рэгіянальнага традыцыйнага строю”:
  • Лаўрэат І ступені – ДУК “Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені – ДУ “Астравецкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”.
“Лепшая прэзентацыя рэгіянальнага традыцыйнага строю”:
  • Лаўрэат І ступені – аддзел па развіцці народнай творчасці ДУК “Зэльвенскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – ДУК “Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”.
“Лепшая калекцыя аксэсуараў беларускага адзення”:
  • Лаўрэат І ступені – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІ ступені – ДУК “Мастоўскі раённы цэнтр рамёстваў”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”.
“Лепшая калекцыя лялек у беларускіх народных строях”:
  • Лаўрэат І ступені – ДУК “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр”
  • Лаўрэат ІІ ступені – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”;
  • Лаўрэат ІІІ ступені – аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУК “Слонімскі раённы цэнтр культуры, народнай творчасці і рамёстваў”.