18 жніўня ў Іўі прашло свята “Іўеўскі памідор”, якое стала адным з культурных сімвалаў Іўеўскага раёна, адным з яго брэндаў. Адкрыў мерапрыемства старшыня Іўеўскага райвыканкама А.І. Булак. Пачэснымі гасцямі свята сталі: намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама І.А. Жук, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама А.В. Клімовіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А.І. Маркевіч, дырэктар Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь М.У. Мірончык, дэлегацыя Кайшадорскага раённага самакіравання Літоўскай Рэспублікі на чале з намеснікам мэра Кайшадорскага раёна Альгімантасам Янавічусам.
Пачалося мерапрыемства маляўнічым шэсцем з эмблемай свята. Ад цэнтра горада да набярэжнай прайшлі і праехалі на рэтраматацыкле, мікрааўтобусе і садовай тачцы дзясяткі сімвалаў фестывалю. Вядучыя свята ў вобразе Сеньёра Памідора і Сеньярыты Памідорынкі зачыталі прывітальны ліст ад Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэя Пятровіча Худыка.
З удзелам кіраўніцтва раёна адбылася сімвалічная закатка першага слоіка таматаў новага ўраджаю і слоіка з будучай іўеўскай памідорнай расадай для гасцей з горада-пабраціма Кайшадорыс Літоўскай Рэспублікі. На свяце працавалі: выстаўка-дэгустацыя памідорных страў і выстаўка-продаж таматаў на любы густ. Традыцыйны памідорны бутэрброд у бягучым годзе “падрос” да 4 метраў 25 сантыметраў!
Упершыню быў праведзены конкурс-выстаўка на самы вялікі памідор, які вырасцілі іўеўскія агароднікі. За памідор вагой 1кг 165 гр перамогу атрымала Галіна Бекіраўна Шагідзевіч з Іўя. Пераможца ўзнагароджана Дыпломам Іўеўскага райвыканкама і каштоўным падарункам – мікрахвалевай печчу.
На галоўнай сцэне адбылося дзіцячае дэфіле ў карнавальных касцюмах “Містэр Памідор” і “Міс Памідорка”, у якім прынялі ўдзел 32 чалавекі. У выставе-конкурсе на арыгінальнае агароднае пудзіла перамогу атрымаў творчы калектыў бібліятэкі-філіяла г.п. Юрацішкі.
Вабілі вока гледачоў і павышалі апетыт стравы, якія былі прадстаўлены на конкурс-дэгустацыю “Унікальны памідорны рэцэпт”. Перамогу атрымала іўеўская гаспадыня Васюкевіч Марыя Мікалаеўна.
Граматамі райвыканкама і каштоўнымі падарункамі адзначаны маладыя сем’і, удзельнікі конкурсу “Памідорны Уладар сяла”, у выніку якога пераможцай стала сям’я Юрыя і Ларысы Кулеш з аг. Эйгерды. Спецыяльныя прызы для конкурса зацвердзіў холдынг “СБ. Беларусь сегодня”, якія ўручыла спецыяльны карэспандэнт газеты Людміла Мінкевіч сем’ям з аг. Лелюкі, аг. Дайліды і в. Бакшты.
На свяце падведзены вынікі фотаконкурса “Я і Памідор”. Барташ Тэрэза Іосіфаўна, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”, галоўны рэдактар установы «Рэдакцыя газеты “Іўеўскі край” узнагародзіла пераможцу Рамана Качыеру. Прадоўжылася свята канцэртам прафесійнага калектыву “Бацька Атаман” і канцэртамі калектываў аматарскай творчасці Іўеўскага, Воранаўскага, Смаргонскага і Карэліцкага раёнаў.
У час свята госці і артысты замест кветак атрымалі кошыкі з самымі смачнымі іўеўскімі памідорамі. Кульмінацыяй “памідорнага” дня стаў запуск у неба яго галоўнага сімвала – паветранага памідора.