6 жніўня ў в. Бакшты Іўеўскага раёна прайшоў фестываль вясковай культуры і конкурс танцаў нашых продкаў

Бакшты – дзівосныя месціны Налібоцкай пушчы, дзе летам і адпачынкам можна атрымліваць асалоду бясконца. Віды не проста прыгожыя, а феерычныя, чароўныя, п’янкія. А зайдзі ў любую вясковую хату – куча ажурных сурвэтак, малюначкаў і памятных фатаграфій розных гадоў на кожнай паліцы і кожнай сцяне са шторамі, вытканымі з сонечных прамянёў шчасця. Тут заўсёды рады гасцям і абавязкова скажуць: “Няхай сябры і блізкія будуць блізка заўсёды!” (нават па сцэнарыю свята «Бакштаўскі каларыт» Акуліна і Адэля ніяк не могуць дамовіцца, да каго першага Несцерка ў госці прыйдзе).

У Бакштах нават жнівень пахне малінай, кветкамі, дарункамі лесу неяк па-асабліваму ярка, і песні душэўнейшыя, і ежа смачнейшая. Што і казаць – каларытнае месца.

Таму фестываль вясковай культуры так і называецца: “Бакштаўскі каларыт”.

Мясцовыя – народ працавіты, у працу акунаюцца з галавой, жыццё шануюць за выдатныя моманты адпачынку, жывуць, мір у душы захоўваючы. Тут з трапятаннем і павагай ставяцца да людзей.

Таму фестываль адкрывае, паводле традыцыі, старшыня Бакштаўскага сельскага выканаўчага камітэта Аляксандр Уладзіміравіч Буляк. Апладысментамі сустракаюць “жывое слова па-сапраўднаму жывога чалавека”, гэта значыць які жыве клопатам аб кожным кутку і аб кожным жыхары бакштаўскай зямлі. Калі ёсць матывавальныя аптымістычныя прыклады, то на працу накідваешся з задавальненнем.

Як умелі нашы продкі і працаваць з малітвай, і адпачываць з душой, як раней цяжка і бедна жылі беларусы, але як любілі радзіму – пра гэта экскурс у гісторыю мястэчка ў самым пачатку свята. Раптоўны ўрок патрыятызму сярод спякотнага лета закрануў струны душы і прымусіў іх гучаць з гонарам за Беларусь, за яе вялізную спадчыну са звычаямі, легендамі, паданнямі, танцамі і песнямі.

Пачастунак у вёсцы на свяце бясплатны. Але “бясплатна” вельмі дарагое слова, таму што велізарны каравай (каб усім хапіла) – гэта  магчымасць падзяліцца сваей любоў’ю. Вельмі смачна! Усё, як у дзяцінстве ў бабулі! Людзі адчуваюць падзяку, а значыць, насенне дабра і святла абавязкова дасць свой плён у выглядзе распаўсюджвання чалавечага цяпла, кахання і радасці паўсюдна.

І, вядома, усё жадаюць паказаць, што ўмеюць танчыць падыспань, кракавяк, на рэчачку, лысага, полечку. Калі не будзеш умець, дык і прастаіш у куце цэлы вечар. А самыя таленавітыя ведаюць яшчэ белую кадрылю і чорную кадрылю.

Тут без конкурсу і вызначэння лепшага танцора не абысціся, таму хуценька яго арганізоўваюць. Першы этап – пары дэманструюць асаблівае танцавальнае майстэрства, другі этап – праводзяць майстар-клас для гледачоў.

Конкурс суправаджаецца бліскучымі жартамі, а ў перапынках – песнямі ансамбля “Юрацішкаўскі кірмаш”.

Якая неверагодная рэч – быць з добрасардэчнымі людзьмі на адной частаце, слухаць іх і адкрываць іх прыгажосць!

 

Ірына Халява.

Фота Станіслава Зянкевіча.

ivyenews.by