У Ваўкавыскім раёне прайшоў агляд-конкурс аматарскай мастацкай творчасці «Беларусь – мая песня»

Добрай традыцыяй у Ваўкавыскім раёне стала правядзенне штогадовага раённага агляду-конкурсу аматарскай мастацкай творчасці «Беларусь – мая песня». 24 лютага свае канцэртныя праграмы на суд журы прадставілі структурныя падраздзяленні Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

«Кірмаш талентаў» у аг. Субачы, «Кірмаш творчасці» ў г.п. Рось, «Краснасельскі кірмаш» у п. Краснасельскі, «Фабрыка талентаў» у аг. Юбілейны – яскравыя праграмы, у рамках якіх свае шматлікія здольнасці прадэманстравалі ўдзельнікі рознага ўзросту, знайшлі водгук у сэрцах удзячных гледачоў.

Жанравая палітра праграм здзівіла сваёй разнастайнасцю: тут удала перапляліся раманс, народная музыка, эстрада і арыгінальны жанр. Агляд-конкурс «Беларусь – мая песня» – гэта чарговы доказ таго, што нішто так не аб’ядноўвае людзей, як сумесны вольны час, творчасць і талент!