Віншуем майстроў – носьбітаў беларускіх мастацкіх практык саломапляцення з уключэннем элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменне” ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА)!
Саломапляценне — шырока практыкуемы і асабліва папулярны від народнага рамяства як на Гродзеншчыне, так і ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта рукатворная “візітоўка” нацыянальнай культуры, дзе векавыя традыцыі і сучасная мастацка-рамесніцкая творчасць майстроў спалучаюцца ў сапраўдных шэдэўрах народнага мастацтва. Традыцыйны рэлігійна-абрадавы і ўтылітарны асартымент саламяных вырабаў стаў цікавым экспанатам выставачных і музейных экспазіцый, а сувенірная прадукцыя – эксклюзіўным падарункам для ганаровых гасцей, замежных турыстаў, усіх наведвальнікаў рэгіянальных свят і фестываляў. Для многіх майстроў Гродзеншчыны занятак саломапляценнем стаў справай гонару – працягваць сямейныя традыцыі продкаў і перадаваць веды і ўменні рамяства нашчадкам.
У Гродзенскай вобласці творча працуюць больш за 50 майстроў саломапляцення. У Астравецкім, Бераставіцкім, Гродзенскім, Іўеўскім, Карэліцкім, Лідскім, Навагрудскім, Шчучынскім раёнах і г. Гродна саломапляценне стала “брэндавым” рамяством. Многія творчыя праекты, шматлікія экскурсійныя маршруты скіраваны на папулярызацыю мастацкага саломапляцення. Гэта спрыяе развіццю прывабнага турызму ў Гродзенскім рэгіёне.
Аднак існуюць некаторыя пагрозы далейшага існавання і развіцця гэтага папулярнага народнага рамяства. Колькасць старэйшых носьбітаў рамесніцкай традыцыі з кожным годам змяншаецца. Разам з імі знікаюць старажытныя тэхнікі і прыёмы саломапляцення. На першы план развіцця рамяства выходзіць камерцыйная зацікаўленасць.
Дзяржаўная ўстанова культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” каардынуе дзейнасць па ідэнтыфікацыі, захаванні, і папулярызацыі самабытнага рамяства саломапляцення. Нам уяўляецца вельмі важнай падтрымка ЮНЕСКА па захаванні беларускіх практык саломапляцення шляхам кансультацый, аб’яднання намаганняў па зберажэнні і скарыстанні старажытных тэхнік, мастацкіх здабыткаў і іміджу сучасных майстроў як неабходны фактар існавання рамяства. Мы перакананыя, што ўключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва будзе садзейнічаць павышэнню дасведчанасці аб важнасці нематэрыяльнай спадчыны ў цэлым і мастацтва саломапляцення ў прыватнасці ў нашай краіне і далёка за яе межамі.
Майстры саломапляцення Гродзеншчыны будуць і надалей спрыяць захаванню элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны “Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство і ўменне” праз актыўную выставачную дзейнасць, арганізацыю навучання рамяству непасрэдна ад носьбітаў традыцыі да дзяцей, падлеткаў, моладзі і ўсіх жадаючых у гуртках, студыях, творчых майстэрнях і майстар-класах. На святах, фестывалях, выстаўках-кірмашах народнай творчасці будуць дэманстравацца лепшыя ўзоры саломапляцення. Уключэнне ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва беларускіх практык саломапляцення паспрыяе зберажэнню мясцовых рамесніцкіх традыцый, стварэнню выставачных калекцый, пошуку новых творчых здабыткаў шляхам міжнароднага супрацоўніцтва паміж творцамі.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, кіраўніцтва арганізацый, дзе працуюць майстры саломапляцення, у адпаведнасці з п.п.1.2 п.1 арт.107 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры будуць і далей прымаць меры па заахвочванні носьбітаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія спрыяюць захаванню, развіццю і перадачы нашчадкам зместу гісторыка-культурных каштоўнасцей.