У скарбонцы перамог майстроў аддзела этнаграфіі, рамёстваў і фальклору і народнага фальклорнага гурта “Жывіца” аг. Квасоўка Гродзенскага раёна ёсць ужо першыя ў 2021 годзе ўзнагароды!
Пераможцамі ІІІ адкрытага рэгіянальнага фестывалю фальклору і рамёстваў “Галасы традыцый”, арганізатарам якога быў аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, сталі майстры народных мастацкіх рамёстваў аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Валянціна Краўчук і Ірына Шавельская, а таксама народны фальклорны гурт “Жывіца” Квасоўскага цэнтра культуры і развіцця народнай творчасці (рэжысёр – Людміла Касянчук).
“Жывіца” стала лаурэатам I ступені ў намінацыі “Народныя спевы” “Мая Спадчына“ з беларускай народнай песняй “Канколю”, якую праспявалі a cappellа.
У намінацыі “народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва” лаурэатам I ступені стала Валянціна Краўчук за выраб “Саламяны куфар”, які быў прызнаны сапраўдным шэдэўрам з “беларускага золата” – так у народзе называюць гэты прыродны матэрыял. А Ірына Шавельская – лаурэат II і III ступені. Саламяная прыгажуня-лялька “Беларусачка” і “Каза-калядоўшчыца”, якія ў руках майстра-саломапляцельшчыка атрымаліся проста незвычайнай прыгажосці, не пакінулі раўнадушнымі членаў журы.
Нагадаем, што беларускія мастацкія практыкі саломапляцення ў 2020 годзе былі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як нематэрыяльнае праяўленне творчасці чалавека, а Валянціна Краўчук і Ірына Шавельская як заснавальнікі адраджэння і развіцця гэтага віда рамёства прадстаўлялі Гродзенскі раён.
«ГАЛАСЫ ТРАДЫЦЫЙ» — гэта цудоўная магчымасць для нашых майстроў, фальклорных калектываў успомнiць традыцыi продкаў, гiсторыю нашай краiны, яе культуру і праз творчасць выказаць усю любоў да роднай зямлі.
Віншуем пераможцаў і жадаем творчых поспехаў!
Рамановіч Наталля – вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра.