Віртуальныя музеі, мабільныя дадаткі і музычныя інструменты для юных талентаў. Інтэрв’ю начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Алены Клімовіч

Захаваем спадчыну разам

– Алена Віктараўна, асаблівасць Гродзеншчыны – багатая гісторыка-культурная спадчына. Рэстаўрацыйныя работы летась вяліся на шэрагу аб’ектаў. Гэта Стары замак у Гродне, Лідскі, Гальшанскі, Крэўскі замкі. Што зроблена і што плануецца?

– Рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў мінулым годзе праводзіліся на 26 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны вобласці. Іх фінансаванне ажыццяўлялася як у межах дзяржаўнай і абласной інвестыцыйных праграм, дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016 – 2020 гады, так і за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама ўласнікаў і спонсарскіх сродкаў.

Вельмі важны для нас аб’ект – Стары замак, дзе працягваюцца аднаўленчыя работы. Задача на 2019 год – заканчэнне асноўных работ па першай чарзе. Яе адкрыццё для наведвальнікаў плануецца прымеркаваць да правядзення ў городзе XIII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Але хацелася б зазначыць, што гэты аб’ект і сёння адкрыты для турыстаў. Калі не ўсе, дык большасць замежных гасцей, што бываюць у нашым горадзе, абавязкова заходзяць у Стары замак. Паколькі ён з’яўляецца адной з чатырох рэзідэнцый каралёў Рэчы Паспалітай нароўні з Кракавам, Варшавай і Вільнюсам, яго аднаўленне ў перспектыве магло б дазволіць стварыць адзіны міжнародны маршрут, звязаны гэтай тэмай.

Працягваюцца работы ў паўднёва-заходняй вежы Лідскага замку, якія плануецца завяршыць у бягучым годзе. Там з’явіцца музейная экспазіцыя. Практыка падцвярджае запатрабаванасць такіх аб’ектаў у турыстаў. За мінулы год замак, у якім у канцы 2017 года была адкрыта адна вежа з музейнай экспазіцыяй, наведалі 39 тысяч чалавек, з іх 20 тысяч – замежныя турысты.

За кошт сродкаў, выдаткаваных з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, праводзіліся работы па аднаўленні драўлянай сцяны Каложскай царквы, кансервацыі сцяны Крэўскага замка, а таксама аднаўленне вежы Гальшанскага замка. Апошнія мяркуецца завяршыць сёлета, там таксама з’явіцца экспазіцыя.

Працягваюцца работы на палацава-паркавым комплексе «Свяцк», фінансаванне якіх ажыццяўляецца за кошт сродкаў Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. За кошт спонсарскай дапамогі завершана праца па рэстаўрацыі часткі англійскага пейзажнага парку і аднаўленні гідратэхнічных збудаванняў, а таксама кітайскай альтанкі музея-сядзібы Агінскага. Распачаты работы па рэканструкцыі з рэстаўрацыяй будынка былой стайні. Дзякуючы рэалізацыі гуманітарнага праекта музей набыў коней і карэту і ў далейшым плануе аказваць паслугі па іпатэрапіі.

Увогуле варта зазначыць, што эфектыўнае правядзенне работ на ўсіх гэтых аб’ектах – вынік сістэмнай і зладжанай працы Міністэрства культуры і Гродзенскага аблвыканкама.

– Традыцыйна Гродзеншчына ўдзельнічае ў трансгранічных праектах.

– Так, што тычыцца трансгранічнага супрацоўніцтва, конкурсны адбор прайшлі і рэалізуюцца ў 2018 – 2019 гадах восем праектаў устаноў культуры вобласці на агульную суму 2,6 мільёна еўра. Сярод іх, да прыкладу, стварэнне рэстаўрацыйнага цэнтра ў Гродне, захаванне і папулярызацыя народнай культуры ў Лідскім раёне, стварэнне інтэрактыўнага цэнтра ў мастоўскай бібліятэцы і іншыя.

Таленты Прынямоння

– Добрай навіной напрыканцы года мінулага стала набыццё музычных інструментаў для многіх устаноў адукацыі ў сферы культуры.

– Хацелася б сказаць, што ўвогуле прыярытэтнымі кірункамі ў рабоце ўстаноў культуры вобласці з’яўляецца выкананне паказчыкаў Дзяржпраграмы «Культура Беларусі», даручэнняў кіраўніка дзяржавы, урада Рэспублікі Беларусь, Міністэрства культуры. І адной з такіх задач якраз было забеспячэнне ўстаноў адукацыі сферы культуры музычнымі інструментамі. У снежні набылі больш за 100 інструментаў, і амаль палова з іх – для сельскіх школ. Што хацелася б падкрэсліць: гэта не толькі вучэбныя музычныя інструменты, але і канцэртныя, каб нашы таленавітыя дзеці маглі дастойна прадставіць вобласць на конкурсах і фестывалях.

– Дарэчы, яны гэта робяць штогод.

– Летась звыш 2000 навучэнцаў рэгіёна ўдзельнічалі ў конкурсах рознага ўзроўню, з іх 909 сталі лаўрэатамі і дыпламантамі. 65 навучэнцаў атрымалі заахвочванне спецыяльнага фонда Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Цікавы факт: шэсць з іх – вучні Гальшанскай дзіцячай школы мастацтваў.

– Праца і творчасць дарослых калектываў была такой жа плённай?

– Так. І пра гэта сведчаць у тым ліку высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва атрымаў народны сямейны ансамбль «Сваякі» з Ваўкавыскага раёна. Медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны Людміла Паўлоўская, Ірына Грыц і Аліна Буйко.

Статус «Народны майстар» зараз ёсць у майстроў лозапляцення Людмілы і Аляксея Мускіх з Смаргонскага раёна, майстроў ткацтва Марыі Карповіч і Ванды Машкевіч са Шчучыншчыны.

Дасягненнем супрацоўнікаў культуры лічу той факт, што статус гісторыка-культурнай каштоўнасці прысвоены 11 культурным аб’ектам, у тым ліку дзвюм нематэрыяльным каштоўнасцям: «Традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння» ў г. Ліда, «Традыцыйныя ткацкія тэхнікі вырабу каляровых посцілак і дываноў» у аг. Пагародна Воранаўскага раёна.

Вітаем гасцей

– Зразумела, такія святы, як фестываль нацыянальных культур, мерапрыемствы на Аўгустоўскім канале, Лідскі фэст, Ганненскі кірмаш і многія іншыя наведваюць тысячы гасцей. Толькі на фестывалі нацыянальных культур за тры дні пабывалі 275 тысяч чалавек. Але колькі год таму ў гарадах і вёсках вобласці сталі з’яўляцца брэндавыя мерапрыемствы. Наколькі запатрабаваныя яны?

– Амаль кожны аграгарадок рэгіёна мае зараз сваё брэндавае мерапрыемства, якое рыхтуецца сумесна клубнымі работнікамі, сельскім Саветам і жыхарамі. Гэта адметнасць нашай стратэгіі пашырэння культурнай працы ў вобласці, калі вялікая ўвага надаецца арганізацыі вольнага часу жыхароў аграгарадкоў і сельскіх аддаленых населеных пунктаў. Пры арганізацыі свят асаблівая ўвага надаецца тым рэгіёнам, дзе выяўлены і ўнесены ў Дзяржаўны спіс аб’екты нематэрыяльнай спадчыны. Сталі традыцыйнымі і запатрабаванымі «Гудзевіцкі фэст», «Адэльскі фэст», «Свята пісанкі», «Свята млынароў», «Ліпнішкіўскія сенакосы» і многія іншыя.

Каб яшчэ больш прыцягнуць увагу да іх, у вобласці падрыхтаваны і размешчаны на інтэрнэт-рэсурсах аблвыканкама, райвыканкамаў, СМІ, устаноў культуры каляндар культурных падзей на год з кароткімі анонсамі і кантактнымі звесткамі на рускай і англійскай мовах. У гэтым календары звыш 400 мерапрыемстваў. Таксама створана і размешчана на гэтых жа рэсурсах інтэрактыўная карта брэндавых мерапрыемстваў вобласці на трох мовах – рускай, англійскай і польскай.

– Падобная інтэрактыўная карта ёсць і ў адносінах да музеяў.

– Дакладней, музеяў і гісторыка-культурных каштоўнасцей рэгіёна. На гэтым мы не спыняемся. У хуткім часе будзе завершана алічбоўка музейных экспазіцый са стварэннем віртуальных экскурсій.

Сумесна з упраўленнем спорта і турызма аблвыканкама плануем запусціць спецыяльныя дадаткі для мабільных тэлефонаў па Аўгустоўскім канале і трасе М-6 – свайго роду турыстычныя даведнікі. Іх можна будзе скампанаваць з App Store ці Play Market.

– Што рыхтуе жыхарам Гродзеншчыны і гасцям гэты год?

– 2018 год быў насамрэч плённым на творчыя здабыткі і дасягненні. Аднак 2019 год ставіць перад намі новыя задачы. У тым ліку падрыхтоўку і правядзенне мерапрыемстваў, прысвечаных 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 75-годдзю стварэння Гродзенскай вобласці. Распрацоўка культурных праграм у межах II Еўрапейскіх гульняў, абласнога свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі – 2019» і святочных мерапрыемстваў да Дня беларускага пісьменства. Працы шмат.

 Але менавіта гэта і натхняе.

Па матэрыялах газеты “Гродзенская праўда”