Гасцей з розных краін і месцаў прымаў мясцовы музыкальна-фальклорны ансамбль “Прымакі”, які зручна размясціўся на сцэне за вялізным сталом, а вёў імпрэзу яго кіраўнік Юрась Астапчук – аўтар і ініцыятар гэтага свята, кіраўнік культурнага цэнтра ў гміне Грудэк.
– Фестываль прэзентуе культурныя здабыткі памежнага с Беларуссю польскага рэгіёна з акцэнтам на культуру этнічных беларусаў, падтрымлівае ідэі сяброўства, узаемаразумення, спагады, – адзначыў Юрась. – Нішто так не аб’ядноўвае, як творчасць.
Творчы марафон доўжыўся каля дзесяці гадзін. Беларускую песню аднолькава цудоўна выконвалі гурты з абодвух бакоў памежжа. Сапраўдны фурор на фэсце зрабілі бярозаўскія “Крышталікі”. Узорны народны ансамбль дзіцячага танца Бярозаўскага ГДК пад кіраўніцтвам Жаны Лебядзевіч не толькі цудоўна адпрацаваў на сцэне, але і заводзіў публіку на “танцпаляне”. Войт гміны Веслаў Кулеша асабіста вітаў і віншаваў дзятву. Дарэчы, Веслаў знайшоў хвілінку выказаць шанаванне кожнаму замежнаму госцю фэста.
– Беларуская культура– неад’емны элемент памежжа, дзе ў сілу гістарычнай блізкасці адбылося ўзаемапра-нікненне традыцый і каранёў двух народаў, – падкрэсліў войт гміны Грудэк. – Мы шчыра падтрымліваем беларускі рух, гэты фэст і дзякуем усім яго ўдзельнікам.
Ён таксама адзначыў, што з году ў год мацуюцца культурныя, адукацыйныя, эканамічнныя сувязі з беларускім бокам: гміна мае дамову з Гродзенскім райвыканкамам і супрацоўнічае з гарадзенцамі па шэрагу пытанняў.
Яшчэ адзін калектыў з Бярозаўкі гледачы сустракалі вельмі цёпла– сваіх добрых знаёмцаў, пастаянных ўдзельнікаў фэсту – заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, вакальна-інструментальны ансамбль “Шкляры” пад кіраўніцтвам Андрэя Барылы. Парадавалі публіку і калектывы з Ваўкавыска: народны ансамбль народнай музыкі і песні “Уладары”, народны ансамбль песні і танца «Каларыт» і ансамбль песні і танца “Квецень”. Дарэчы, усе пяць калектываў з Гродзеншчыны выступілі бліскуча. Ды яшчэ й духмянымі караваямі здзівілі!
Поўны тэкст артыкула і больш фота на афіцыйным сайце газеты «Гродзенская праўда» (перайсці)