Сёння беларускія вясельныя традыцыі могуць стаць гэткім жа модным упрыгожаннем на свяце маладых, як нябесныя ліхтарыкі, феерверк ці фантаны з шампанскага. Менавіта гэта удала паспрабавалі “прарэкламаваць” работнікі ўстаноў культуры раёна на фальклорным свяце “Каціўся вянок” у Тракелях. Дарэчы, вясельныя абрады абраны брэндам гэтага аграгарадка.
Найбольшай прыгажосцю, урачыстасцю, разнастайнасцю заўсёды вылучалася вясковае вяселле. Прыгожае дзейства, у якім закладзены народная мудрасць і сімвалізм, было падзелена на некалькі частак: “Пярэпыты”, “Сваты”, “Вясельны каравай”, “Бласлаўленне на шлюб”, “Цыганы” і “Вяселле”. Кожны з гэтых абрадаў ахутаны вялікай колькасцю вераванняў.
Найбольшую цікавасць выклікаў абрад “Пярэпыты” — своеасаблівая кропка ў канчатковым рашэнні быць вяселлю ці не. “Сваты” прыйшлі з поўнымі кошыкамі розных прысмакаў і “торгам” . Інфармацыю пра вясельны каравай дапаўнялі і самі гледачы, сярод якіх былі жанчыны сталага ўзросту. У выпяканні каравая было забаронена ўдзельнічаць бяздзетным жанчынам, удовам і мужчынам. Асаблівае стаўленне да кожнай дэталі каравайнага абраду заўважалася нават у такіх дзеяннях, як падрыхтоўка печы да выпечкі каравая. Увесь стары попел вымяталі толькі бярозавым венікам. Палілі ў печы часцей за ўсё бярозавымі, сасновымі або дубовымі дровамі, але ні ў якім разе яловымі ці асінавымі. Пакуль рыхтавалі печ і рашчынялі цеста, каравайніцы і прысутная моладзь раз-пораз падхоплівалі абрадавыя песні, прысвечаныя і тым, хто завіхаўся вакол рытуальнага печыва, і самому караваю.Спечаны каравай загортвалі ў белы ручнік, клалі на вечка дзяжы і адносілі ў камору, дзе ён захоўваўся да заканчэння вясельнай урачыстасці. У гэты ж дзень багата клопату было і ў моладзі. У хаце нявесты яе сяброўкі завівалі вянок: кожная кветачка ў ім — асаблівы сэнс. Сакральны сэнс увабраў у сябе абрад “Бласлаўленне на шлюб”. Шчырыя ўсмешкі “ўдзелькаў” выклікаў абрад “Цыганы”. “Фальшывыя” маладыя займалі ганаровае месца за вясельным сталом і патрабавалі выкуп ад сапраўдных вясельнікаў. З гумарам, таленавіта, весела артысты перадалі ў міні-пастаноўцы “Беларускае вяселле”.
Брэндавае свята прадоўжылася канцэртнай праграмай эстраднай творчасці і дыскатэкай.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота аўтара.
«Воранаўская газета»