Вынікі абласнога фестывалю-свята «Танцуем па-даўнейшаму»

        Гродзеншчына – гэтая сапраўдная скарбонка праектаў, задумак, розных форм адпачынку для насельніцтва раёнаў. Людзям нічога не трэба рабіць. Проста пакінуць канапы і тэлевізары  і выйсці на свае вясковыя і гарадскія канцэртныя пляцоўкі, як гэта у субботу 27 мая бягучага году зрабілі жыхары аг.Дзітвы, што ў Лідскім раёне, і госці цудоўнага Лідскага края, што адвеку была  месцам добрых людей, гераічных і працоўных спраў, таленавітых і майстравых людзей, а зараз таксама годна жыве і запрашае на такія вось адмысловыя святы — абласны фестываль-свята «Танцуем па-даўнейшаму» на базе філіяла «Дзiтвянскi Дом культуры» Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.

          Вядома, беларускі народ на працягу сваёй гісторыі стварыў мноства яркіх самабытных танцаў, якія ляглі ў аснову народна-харэаграфічных традыцый Беларусі. Народныя святы і абрады ў Беларусі ніколі не абыходзіліся без песні і танца. Яны з’яўляліся неабходнай часткай народнага вяселля, святкавання Купалля, Калядак, зажынак і дажынак і г.д. У зімовыя месяцы ў вясковым побыце былі шырока распаўсюджаныя так званыя кудзельніцы і музыкі — вячоркі, на якіх збіраліся дзяўчыны і хлопцы і, вядома ж, не абыходзіліся такія сумесныя зборы без танцаў. 

           Так, і на Гродзеншчыне. Фестывалі, святы і кірмашы сталі ўлюбёнымі пляцоўкамі, каб не толькі прэзентаваць сваё захапленне беларускім народным танцпм, але і далучаць да нацыянальный традыцыі як мага больш неабыякавых людзей.  Гэта і  абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, абласная выстаўка-конкурс “Велікодны падарунак” (г. Гродна); свята рамеснікаў “Казюкі” (г. Гродна); фестываль народнай інструментальнай музыкі “ Іграю, як знаю, скачу, як хачу” (Смаргонскі раён), анімацыйна-рэалістычная праграма “Калі да лёну з паклонам – аддзячыць добра лён”, фальклорнае свята “Па рушніку, што з роднай хаты, мы пазнаем маленькую радзіму” (Лідскі раён); фестываль сялянскай культуры “Бакштаўскі каларыт” (Іўеўскі раён); свята млынароў, фестываль фальклору “Вяртанне да вытокащ”, свята Пісанкі (Гродзенскі раён); адкрыты конкурс-пленэр па саломапляценні “Саламяны цуд”  (Зэльвенскі раён) і іншыя, якія ў тым ліку накіраваны на захаванне і папулярызацыю элементаў, уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

           Апошні значны выхад для аматараў беларускага традыцыйнага харэаграфічнага мастацтва каб прадэманстраваць лепшыя ўзоры беларускіх народных парных танцаў  якраз і  выпаў на мінулыя выхадныя, дзе 58 пар-выканаўцаў у чатырох узроставых катэгорыях ад 6 да 50 і больш гадоў  прадстаўлялі лакальныя танцавальныя традыцыі сваіх раёнаў з захаваннем мясцовага адметнага выканальніцкага стылю.

          Канечне, фестываль-свята «Танцуем па-даўнейшаму» не падобны да буйных фэстаў кшталту «Славянскага базару», ці «Нацыянальных культур». Гэта больш местачковае свята, дзе збіраюцца «свае»: патанчыць, паспяваць, паказаць скарбы сваіх майстроў і правесці час вакол апантаных любімай справай людзей.

         Як лічаць самі ўдзельнікі фестывалю, «Танцуем па-даўнейшаму» — свята прызвана зберагчы традыцыі, якія ў свой час былі зафіксаваны, а таму дагэтуль засталіся жыць. І з гэтай задачай свята спраўляецца выдатна. Радасна, што ўсё больш і больш моладзі прыходзіць да разумення традыцыйнай культуры беларусаў і асэнсоўвае важнасць перадачы генетычнага коду.

         Ды і як жа іначай, калі ў Гродзенскай вобласці рэалізуюцца шмат абласных праектаў і брэндавых мерапрыемстваў па захаванню і адраджэнню традыцыйнай культуры, дзе прымаюць удзел рознаўзроставыя фальклорныя калектывы — выканаўцы ўзораў беларускай традыцыйнай народнай творчасці, народныя музыкі, майстры традыцыйных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, рамесніцкіх вырабаў, і самі носьбіты.

           Гэта і абласны даследчы праект “Выяўленне і адраджэнне традыцыйнай рэгіянальнай абраднасці Гродзеншчыны”, праект па папулярызацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны  Гродзенскай  вобласці “Тыдзень традыцыйнай культуры “Ад даўніны да нашых дзён”,   праект “Ад прадзіва да ткацтва”  па адраджэнні ў сучасных умовах народных тэхналогій традыцыйнага ткацтва і іх выкарыстанню ў практыцы арганізацый культуры, экскурсійнай і турыстычнай дзейнасці ў рамках Гранта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і шмат  іншых праектаў, прысвечаных Году міра і стварэння.

           Традыцыйным у рамках фестывалю-свята сталі выступленні лепшых фальклорных калектываў Гродзеншчыны: танцавальны калектыў “Спадчына” і “Тапатуха” з Карэліцкага раёна; фальклорна-інструментальны калектыў аддзела культуры і вольнага часу аг. Граўжышкі ДУК “Ашмянскі раённы цэнтр культуры”; узорны танцавальны калектыў “Нальшчаначка” ДУА “ Жодзішкаўская сярэдняя школа”; народны фальклорны гурт “Чараўніцы” філіяла “Мацвееўскі Дом культуры” ДУК “Ваўкавыскі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”; калектыў інструментальнай музыкі “Кушлянская капэла” ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”; народны фальклорны гурт “Кужэліца” ДУК “Смаргонскі раённы цэнтр культуры”; узорны фальклорны калектыў “Скарбоначка” аддзела культуры і дасуга “Дэмбраўскі сельскі Дом фальклору” ДУК “Шчучынскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”; танцавальны калектыў “Зальвяначка” ДУА “Зэльвенская дзіцячая школа мастацтваў”. Яны — аматары папулярызацыі народных побытавых танцаў,  запрасілі ўсіх на сяброўскую танцавальную сустрэчу, каб не забываць важную традыцыю і працягваць «моду» часоў маладосці нашых матуль і бабуль.

       Акрамя майстар-класаў па народных  танцах вартай увагі на свяце заслугоўвалі і традыцыйныя падворкі майстроў народнай творчасці. Майстры з Ваўкавыскага, Воранаўскага, Астравецкага, Шчычынскага, Слонімскага, Лідскага, Мастоўскага, Навагрудскага, Карэліскага раёнаў прывезлі ў Дзітву лепшыя ўзоры народнай творчасці: мнагаквецце вырабаў з дрэва і саломы, гліны і шкла, нітак і тканіны, ткацтва, выцінанкі.  

          Яшчэ адным прыемным момантам стала сустрэча з Сяргеем Выскваркам, загадчыкам арганізацыйна-творчага аддзела Любанскага раённага цэнтра культуры Мінскай вобласці, этнахарэографам, этнапедагогам, і Аленай Каліноўскай, сябрам Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. Сяргей Выскварка зладзіў майстар-класс па народнаму харэаграфічнаму этыкету і побытавых танцах Міншчыны і Гродзеншчыны, а Алена Каліноўская падзялілася парадамі ў рабоце па вывучэнні, захаванні, пераемнасці і папулярызацыі як узораў харэаграфічнага народнага мастацтва, так і нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўвогуле.

          Кожнае такое свята пераўтвараецца ў спаборніцтва — хто лепш валодае майстэрствам выконваць традыцыйныя народныя танцы. Завяршыўся дзень цырымоніяй узнагароджвання пераможцаў конкурснай праграмы, а  для гледачоў і звычайных прахожых быў праведзены майстар-клас па побытавых танцах і флэшмоб  “Танцуем разам”,  таксама адбыўся занальны агляд-конкурс рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» Лідскага і Воранаўскага раёна.

           Арганізатарамi свята выступілі ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, ДУК «Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці», аддзел культуры Лідскага райвыканкама, ДУ «Лідскi раённы цэнтр культуры народнага мастацтва».

         Гучны гармонік, тупат абцасаў, карагод нацыянальных убораў і шчырыя ўсмешкі беларусаў — маладых пераемнікаў і носьбітаў традыцыйнай народнай культуры склалі непаўторную атмасферу нашага свята.

        Без сумневу, кожны адпачыў душою, уволю павесяліўся, пазнаёміўся і пакружыўся ў мудрагелістых танцавальных фігурах.

       Было весела і па-народнаму, але самае галоўнае, што гэтыя мясцовыя традыцыйныя танцы, адметныя сваім яскравым фальклорным каларытам і міжканфісіянальнай талерантнасцю, абавязкова работнікі культуры Гродзеншчыны захаваюць і перададуць у спадчыну нашчадкам.        

Намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці — Наталля Рамановіч

ПЕРАМОЖЦЫ

абласнога фестывалю-свята побытавых танцаў

“Танцуем па-даўнейшаму”

 

Узроставая катэгорыя А (7-10 год)

І СТУПЕНІ — Давід Кудош і Аліса Бычкоўская (Лідскі раён)

ІІ СТУПЕНІ — Арсеній Барысевіч і Анастасія Куркоўская (Дзятлаўскі раён)

ІІІ СТУПЕНІ — Аляксандр Філіповіч і Кацярына Цыбульская (Іўеўскі раён)

Узроставая катэгорыя Б (11-17 год)

І СТУПЕНІ — Яўген Малей і Кацярына Бодак (Шчучынскі раён)

ІІ СТУПЕНІ — Сцяпан Лотыш і Лера Кастусік (Дзятлаўскі раён)

Захар Сухоцкі і Дзіяна Дзікевіч (Шчучынскі раён)

ІІІ СТУПЕНІ — Максім Латушка і Аліна Стэцкая (Воранаўскі раён)

Узроставая катэгорыя В (18-50 год)

І СТУПЕНІ — Алег Уласік і Ганна Уласік (Астравецкі раён)

ІІ СТУПЕНІ — Аляксандр Чарапанаў і Юлія Шахрай (Карэліцкі раён)

Аляксей Дзямко і Наталля Шчалканогава (Лідскі раён)

ІІІ СТУПЕНІ — Артур Анзельм і Кацярына Сіроцкая (Гродзенскі раён)

Дзмітрый Рогач і Святлана Рогач (Смаргонскі раён)

Узроставая катэгорыя Г (ад 51 і больш)

І СТУПЕНІ — Аркадзь Кім і Ада Кім (Лідскі раён)

ІІ СТУПЕНІ — Часлаў Апановіч і Ганна Суханава (Ваўкавыскі раён)

Мар’ян Рогач і Кацярына Дудзінская (Смаргонскі раён)

ІІІ СТУПЕНІ — Леанід Шупейка і Ірына Ягорава (Свіслацкі раён)

Віктар Аўсейка і Тамара Лявіцкая (Свіслацкі раён)

У НАМІНАЦЫІ “САМАЯ ЮНАЯ ПАРА”

Мікіта Дашкевіч і Аліна Рогач (Смаргонскі раён)

У НАМІНАЦЫІ “ПРЫЗ ГЛЯДАЦКІХ СІМПАТЫЙ”

Аляксандр Бернюкевіч і Яўгенія Уласік (Астравецкі раён)