Пагаворым пра каханне, прадчуванне шчасця і веснавы настрой, з якога і прарастае загадкавае імкненне тварыць. Пісаць пра авітамінознае веснавое абуджэнне пасля хоць і кволай, але зімы — досыць банальна. Лепей згадаць, што ў сакавіцкія дні пахне будучай раллёй і рунню, радаснымі надзеямі і юнацкімі марамі. І падаецца, што жыццё — бясконцае. Нават памылкі ў сакавіку не падаюцца такімі змрочнымі. Вясна! І ў Дзятлаве запрашаюць на Радзівілаўскі баль. Вясна! І жанчыны здзіўляюць мужчын, як у першы раз. Чаго яшчэ чакаць ад вясны? Усяго!
Дык вось, пра Радзівілаўскі баль у Дзятлаве. Ён таксама першы. Я шмат пісаў пра аматарскае аб’яднанне “Эпатажны блюз” з Наваельні, якім кіруе Анатоль Кардаш. Менавіта ён з сябрамі, а таксама работнікі цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Шаўчук і Аляксандр Раеўскі, супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык і спонсары індывідуальны прадпрымальнік Аляксандр Князеў і райкам прафсаюза работнікаў АПК спрычыніліся да таго, каб мерапрыемства не проста атрымалася, а і засталося надоўга ў памяці. Рыхтаваліся ўсе загадзя. Падбіралі сукенкі і шылі фракі, бралі ўрокі бальных танцаў. У выніку ўсё атрымалася: і паланэзы, і гульня ў фанты. Ад усёй гэтай разняволенасці ў людзей крылы вырасталі. Першая прыкмета творчага ўздыму, трэба сказаць.
Наступная навіна — таксама з Дзятлава. Крыху вышэй гаворка вялася пра музейшчыцу Алену Абрамчык. На Радзівілаўскім балі яна чытала свае вершы. Вось такі талент у Алены. І вершы — пра каханне. На гэты конт ліст даслала загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Святлана Магера: “Творчая сустрэча з мясцовай пісьменніцай называлася “У последней любви на краю”. Алена Рыгораўна падаравала бібліятэцы некалькі сваіх выданняў. Яна шчыра і пранікнёна распавядала пра сябе, сваё першае каханне і зарадзіла прысутных пазітывам”. Сапраўдныя вершы пішуцца сэрцам. І гэта, паверце, вельмі цяжкая праца. Але няма большай карысці для душы, чым ад удала зарыфмаваных радкоў.
Сапраўдны творчы ўздым апанаваў напрадвесні заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль танца “Юнацтва” Бабруйскага палаца мастацтваў. У выніку падчас завочнага ўдзелу ў V міжнародным фестывалі мастацтваў “Сакрэт поспеху” ў расійскім Вялікім Ноўгарадзе гурт стаў лаўрэатам першай ступені. Вось што паведамляе мастацкі кіраўнік палаца мастацтваў Наталля Шулікова: “Па ўмовах конкурсу ў намінацыі “Народны танец” неабходна было запісаць на відэа харэаграфічны нумар і адправіць на сайт арганізатараў. Калектыў выбраў танец “Полька Мазурковая”, характэрны для Гродзеншчыны”. І выбар “стрэліў” у яблычак! Натхненне — прыкмета таленту, творчая ўдача — запланаваны поспех. Думаю, што выпадковых перамог не бывае па вызначэнні.
Ведаеце, што такое “шавялі паршнёй”? Калі не, дык крыху пацярпіце, тлумачэнні будуць пасля. А спачатку працытую ліст дырэктара Бярозаўскага дзіцяча-юнацкага спартыўна-эстэтычнага цэнтра Наталлі Ярмоцык: “Пры нашай установе больш 20 гадоў дзейнічае народны раённы клуб майстроў народнай творчасці “Суквецце”. Тры з двух дзясяткаў маюць званне “народны майстар Беларусі”. Сёлета клуб рэалізуе праект “Пад страхою прашчураў”. Цягам года рамеснікі будуць адраджаць і рабіць тое, што некалі ўмелі рабіць нашы продкі. Тым больш, што сярод сяброў клуба ёсць тыя, хто ў дзяцінстве заспеў самабытны лад жыцця беларускага сялянства былога стагоддзя. Да прыкладу, напярэдадні праваслаўных Грамніц у клубе ладзілі майстар-клас па вырабе Грамнічнай свячы і яе абрадавым прызначэнні. А на чарговым пасяджэнні клуба прэзентавалася рамяство мастацкай апрацоўкі скуры. Яна таксама мае старадаўнія карані. У нас здавён існавалі рамёствы кушнерства (апрацоўка футра і пашыў з яго), рымарства (выраб раменнай вупражы) і гарбарства (выраб скур для пашыву абутку). Да слова, вялікай папулярнасцю тады карыстаўся абутак пад назвамі “пасталы”, “хадакі”, “поршні”. Так што зварот “Шавялі паршнёй!” азначае “Ідзі хутчэй!” Цікава! Далей Наталля Леанідаўна піша, што пасля забароны прыватнай дзейнасці мастацкая апрацоўка скуры нібыта знікла. Але знайшліся штукары, якія не далі сканаць старажытнаму рамяству. Гэтую эстафету пераняла малады майстар Вольга Амелянчук — кіраўнік гуртка мастацкай апрацоўкі скуры. На гэтым гісторыя з Бярозы не заканчваецца. Наўздагон лісту дырэктара калектыў цэнтра паведаміў, што ў выніку абласнога тура рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2019” у намінацыі “Духоўнасць і культура” Наталля Ярмоцык атрымала дыплом другой ступені. Наталля Леанідаўна, “К” далучаецца да віншаванняў і зычыць вам здароўя і кахання! Я быў калісьці напярэдадні зімы ў спартыўна-эстэтычным цэнтры Бярозы. Маленькае дзяўчо падаравала мне маленькую скрынку. Я запытаўся: “Што гэта?” “Домік для восені”, — адказала маленькая майстрыха. Гэтая восень, радасная ды яскравая, жыве ў мяне і па сёння і ніякім чынам не замінае не менш шчаслівай вясне.
Дзяржынскі гарадскі Дом культуры не мог не адрэагаваць на вясну. Таксама цудоўна ведаю тамтэйшых спецыялістаў, якія вельмі высока лунаюць і без стомы скараюць самыя розныя творчыя вяршыні. Таццяна Шылак распавядае пра адзін з апошніх канцэртаў, арганізатары якога (цытую) “вельмі хацелі здзівіць гледачоў новымі нумарамі і падараваць па-сапраўднаму веснавы настрой”. Па ўсім відаць, што здзівілі. І справа не толькі ў фотазоне з веснавымі кветкамі. На сцэне выступалі лепшыя артысты ўстановы. А ўсе нумары суправаджаліся харэаграфічнымі замалёўкамі ў выкананні ансамбля “Альянс”. Кампазіцыя Наталлі Стэльмах, да прыкладу, называлася “Арыенцір кахання”. Я ўяўляю сабе!
Асноўны мужчынскі веснавы клопат — любавацца жанчынамі. У аграгарадку Гуды Лідскага раёна, напрыклад, выбіралі Спадарыню Сялянку. Гэты раённы конкурс па ўшанаванні працаўніц аграпрамысловага комплексу стаў на Лідчыне традыцыйным. А ладзіўся ён сёлета ў Гудскім цэнтры творчасці і вольнага часу. Удзельнічала шэсць жанчын. Усе — працавітыя, усе — прыгажуні. Таму кожная стала пераможцай і атрымала грашовы сертыфікат раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу. Справядліва!
А вось у Круцілавічах, што на Дзятлаўшчыне (яна сёння б’е ўсе рэкорды па колькасці навін), шукалі не толькі самых абаяльных, але і спартыўных. Знайшлі. Займаліся гэтым супрацоўнікі Данілавіцкага Дома культуры і прадстаўнікі прафкама ААТ “Граніт-Агра”. Спартыўная асарці-праграма ладзілася ў Круцілавіцкай школе. Сапернічалі тры каманды: аграрыяў, настаўніц і школьніц. Кажуць, канкурсанткі нават боршч гатавалі. Самы лепшы атрымаўся ў настаўніц. Каханне каханнем, а есці хочацца заўжды. Дадаць застаецца, што ў Круцілавічах рэалізуецца праект, прысвечаны здароваму ладу жыцця.
Марына Цвятаева неяк зазначыла, што сустракацца трэба з прычыны кахання, для астатняга ёсць кнігі. Над гэтым дзіўным выказваннем можна разважаць доўга. Вельмі падабаецца яшчэ адзін выраз, журналіста і маркетолага Міхаіла Геніна: “Чытайце кнігі, пэўныя з іх спецыяльна для гэтага і напісаны”. У ім няма цвятаеўскай філасафічнасці, адно толькі — афарыстычная іронія. Але што б там ні было, кнігі — неад’емная частка нашага жыцця. Пра гэта піша і загадчык сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны Ашмянскага раёна Таццяна Іванова: “Кніга пражыла тысячагоддзі. І павінна жыць далей. Так, існуе нямала іншых крыніц інфармацыі, але кнігу з яе асаблівасцямі нічым не замяніць. Адна з задач бібліятэкі — паказаць перавагу кнігі над іншымі крыніцамі інфармацыі. Менавіта для гэтага ў нас прайшоў тыдзень “Бібліятэка — пакаленню NEXT”. Працавалі кніжныя выставы, складаліся рэкамендацыйныя спісы для чытання сучаснаму маладому чалавеку. Старшакласнікі ўдзельнічалі ў дыскусіях, вучні малодшых класаў — у гульнях і віктарынах”.
Прапаганду чытання сумяшчаюць з прафілактыкай правапарушэнняў у Ашмянскай і Бярэзінскай раённых бібліятэках. Загадчык аддзела першай, Святлана Галінская, распавядае пра мерапрыемствы, скіраваныя на барацьбу з наркаманіяй і наркабізнесам. Загадчык аддзела другой, Тамара Круталевіч, піша пра агітмарафон “Дай жыццю шанц — не ўжывай спайс!”
А вось у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі, паведамляе бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі Людміла Аляксей, прэзентаваўся фотаальбом, выдадзены з нагоды 80-годдзя раёна.
І напрыканцы — інфармацыя спецыяліста Савецкага раённага аддзела надзвычайных сітуацый Таццяны Бычанок. Аўтар нагадвае, што колькасць пажараў, звязаных з выпальваннем сухой травы, смецця ў не адведзеных для гэтага месцах, вясной значна павялічваецца. Катэгарычна забараняецца выпальваць сухую траву і хмызнякі на тэрыторыі грамадскіх, вытворчых аб’ектаў, ля дачных пабудоў і жылых домаўладанняў. Траву неабходна пастаянна скашваць і вывозіць з тэрыторыі ў сырым выглядзе. За парушэнне прадугледжаны штрафы. У выпадку падпальвання лесу ці тарфяніка са стратамі ў буйным памеры наступае і крымінальная адказнасць.
Беражыце сябе і навакольнае асяроддзе! Сустрэнемся праз тыдзень.