Запрашаем на выстаўку “Бераставіцкія ўзоры”!

15 мая ў Гродзенскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбылося адкрыццё абласной выстаўкі “Бераставіцкія ўзоры” членаў Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Кажанеўскай Марыі Уладзіславаўны і Барцэвіч Алены Адольфаўны.

У экспазіцыю выстаўкі ўвайшло больш за 60 ткацкіх вырабаў, сярод якіх – каляровыя посцілкі, выкананыя ў розных тэхніках закладнога і пераборнага ткацтва, ручнікі, вышытыя гладдзю і аформленыя карункапляценнем. Кожная работа, прадстаўленая на выстаўцы, створана з душой, захоўвае традыцыйныя арнаментальныя – кветкавыя і геаметрычныя – узоры, якія перадаваліся ў сем’ях майстроў з пакалення ў пакаленне.

Сёння Марыя Кажанеўская і Алена Барцэвіч беражліва захоўваюць багатую калекцыю сваіх ткацкіх работ, прымаюць удзел ва ўсіх фальклорных мерапрыемствах свайго раёна, вобласці і, нягледзячы на паважаны ўзрост, з вялікім задавальненнем дзеляцца творчым вопытам з усімі зацікаўленымі.

У наведвальнікаў выстаўкі была магчымасць не толькі пазнаёміцца з унікальнымі работамі, але і з самімі ткачыхамі, паслухаць іх выступленні, а таксама задаць пытанні.

Падчас адкрыцця выстаўкі дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дзмітрыеўна Дземянчук уручыла дыпломы майстрам Марыі Кажанеўскай і Алене Барцэвіч За асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю рамесніцкіх традыцый Гродзеншчыны”.