Ужо чацвёрты раз запар аграгарадок Ганчары збірае шмат гледачоў і ўдзельнікаў, якія ўмеюць трымаць у руках касу. Тую самую, сапраўдную, з дзедавай вёскі, кіно і старых кніг аб сельскім жыцці. Хтосьці пацісне плячыма: а навошта, маўляў, гэта трэба, калі ёсць трымеры і газонакасілкі?..
Касьба – рамяство старажытнае. Яно заўсёды цанілася ў сялян. Гаспадар добра насенаваў – жывёліна будзе сытай, то і ён не будзе галодны. Пакос травы – справа не з простых. Тут патрэбна не толькі сіла, здатнасць і спрыт, але і веды, важна, ў якім становішчы павінны быць рукі, якім моцным павінен быць узмах касы і які павінен быць яе накірунак.
Дабірацца да поля, прадастаўленага мясцовым сельскім Саветам для правядзення конкурсу, было лёгка і проста – яно зусім побач з дарогай. Людзей – удзельнікаў, балельшчыкаў і гасцей свята сустракалі гасцінна – песнямі, пляскамі ды шчырымі ўсмешкамі. Аматараў, фанатаў і прыхільнікаў ручной касы не так ужо мала. Паспаборнічаць прыехалі 15 чалавек з розных куткоў лідскага краю. І цуд! Сярод іх выйшлі з косамі дзве дзяўчыны! Аксана Вцюрына з Ганчароў і Жанна Яворац з Мінойтаў.
Кожнаму ўдзельніку быў выдзелены свой участак, які дастаўся па жэрабу, усе сталі ля сваіх нумароў, і – час пайшоў. Ішоў ён хутка пад звон кос і песень мясцовых артыстаў. А працавалі ўдзельнікі лёгка і нязмушана, быццам і не працавалі зусім, а танцавалі.
Заўсёды з задавальненнем прымае ўдзел у цікавым конкурсе Станіслаў Ждонец з Верх-Ліды, які прадстаўляе аграгарадок Гуды. Як усе вясковыя хлопцы, касіць навучыўся рана і даўно, таму што трэба было. А цяпер, здаецца, і не трэба (ёсць тэхніка), але робіць ён гэта з задавальненнем.
Наогул, конкурс касцоў становіцца не толькі раённым, але і сямейным. У ім не першы год прымае ўдзел і дынастыя: бацька і сын Пятрашкі – Валянцін і Валянцін з аграгарадку Ваверка. Яны – каманда! Калі старэйшы скончыў свой участак, адпачываць не стаў, а адправіўся дапамагчы сыну справіцца з працай. У самабытным конкурсе прынялі ўдзел лепшыя касцы Лідскага раёну з аграгарадкоў Беліца, Ваверка, Пескаўцы, Гуды, Ганчары, пасёлку Прешамайскі і вёскі Мінойты.
Такім чынам, прыйшоў час падвядзення вынікаў. Кампетэнтнае журы заўсёды ацэньвае па хуткасці і па якасці, і па “барадзе”. У гэтым годзе пашанцавала Станіславу Ждонцу з Верх-Ліды, ён стаў пераможцам сёлетняга конкурсу. Яго каса, нягледзячы на засушлівае надвор’е, пайшла як па масле! Дарэчы, другое месца заняў Іван Матусевіч з Ганчароў, якому 84 гады (самы старэйшы ўдзельнік), а трэцяе дасталася Аксане Вцюрынай, якая таксама з Ганчароў. Аксана прымае ўдзел у конкурсе касцоў ўпершыню. Хвалявалася. Немудрагеліста. Спаборнічаць у мужчынскай справе з мужчынамі – гэта вам не жартачкі! Трэба адзначыць Жанну Яворац з Мінойтаў, якая таксама з запалам касіла. Яна можа абысціся без трымера і дапамогі мужчын у гэтай справе, нават касу накляпаць умее! Вось такія працавітыя касцы спаборнічалі за галоўны прыз.
Але, як гаворыцца, месцы месцамі, але прайграўшых тут не было, кожны ўдзельнік атрымаў зарад бадзёрасці і мора пазітыву. Усім уручылі заахвочвальныя прызы, аб якіх паклапаціўся ААТ “Шклозавод “Нёман” і ААТ “Гроднахлебпрам” філіял “Лідскі хлебазавод”, а пераможцам дасталася яшчэ і слава.
Добры настрой на працягу свята дарылі лепшыя артысты раёну. У свяце бралі ўдзел гурт “Талер”, майстры аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, вакальны гурт “Вясёлка” з Ваўкавыскага раёну, быў разгорнуты святочны гандаль і фотавыстаўка пераможцаў конкусу розных гадоў, працавалі розныя тэматычныя пляцоўкі і вясёлыя атракцыёны для дзяцей, як заўсёды ўсіх захапіў майстар-клас па побытавым танцам “Танцуем па-даўнейшаму”, які папулярны ва ўсім раёне.
Трэба адзначыць, што такое свята прынесла задавальненне арганізатарам, удзельнікам і ўсім гледачам. У наступным годзе ўсіх чакае мноства навінак і сюрпрызаў, а юбілейны для конкурсу год абяцае стаць выключна асабістым.