1. Калядкі
Вечарам напярэдадні Каляд дзяўчаты і хлопцы збіраюцца для абыходнага абраду па вёсцы, апранаючыся ў загадзя вызначаныя касцюмы цыганоў, казы, мядзведзя, запрашаюць музыкантаў. Калядоўшчыкі, ідучы па вуліцах, спыняюцца з песняй каля кожнага двара, гаспадары якіх павінны запрасіць іх да сябе ў хату. Па мясцовым павер’і, калі калядоўшчыкі зойдуць у хату, гаспадарам будучы год прынясе шчасця і дабрабыт.
Калядоўшчыкі спачатку наведваюць хату мясцовага святара, дзе атрымліваюць благаславенне на абыходны віншавальны абрад. Абыход вёскі адбываецца з хаты ў хату з песнямі:“А ў гаспадара пасярод двара”,”На гары цыганы стаялі”. Гурт уваходзіць у хату з віншавальнай песняй, с пажаданнямі гаспадарам і іх дзецям добрага ўраджаю, дабрабыту, здароў’я. Пасля выканання песні, калядоўшчыкі рассыпаюць зерне, прыгаворваючы:
Святкуем калядкі –
Лавіце зярняткі!
Лавіце рукой,
Каб быў добры настрой!
Каб моцна грэла сонца —
Кіну ў аконца.
Майце ўсяго даволі,
А бяды ніколі.
Нікога не хвалюўце,
А ўсім святло даруйце!
Калядоўшчыкі звяртаюцца да казы:
А ну, Каза, павярніся.
Гасцям добрым пакланіся!
Далей пачынаецца тэатралізаваная дзея “Каза” пад песню “Го-го-го, каза”. Падчас яе спеву каза выконвае дзеянні, якія гучаць у песні.
Пасля “Казы” адзін з калядоўшчыкаў кажа: “Хто з казою патанцуе, таму ў годзе пашанцуе”. Усе прысутныя становяцца вакол казы ў карагод і праводзяць гульню з казой:
Ішла каза, ды каза,
Ды па ельнічку,
Запрашала ўсіх на вяселлечка!
Пасля гэтых слоў Каза спыняецца насупраць аднаго з удзельнікаў (першы – гаспадар хаты), які становіцца ўслед за казой. Затым гэтыя двое рабілі паварот у супрацьлеглы бок і той, хто быў за казой – аказваўся першым і зноў пачыналася гульня са словамі: “Ішла каза, ды каза”. І так магло доўжыцца, пакуль усе прысутныя ў хаце не стануць у шэрэнгу за Казой.
Пасля гульні Каза, стаміўшыся, нечакана падае на падлогу. Адзін з калядоўшчыкаў кажа: “Хіба наша каза памерла! (Звяртаючыся да гаспадароў) — трэба яе пачаставаць! Дайце рэшата жыта, каб каза была сыта! Мерачку аўса, наверх каўбаса! І тры кускі сала, каб каза ўстала!”. Каза ўстае і скача, а на змену ёй ўваходзіць пад музыку мядзведзь. Калядоўшчыкі даюць яму розныя заданні: “Мішка, пакажы, як дзеткі ў школу збіраюцца?”, “Як кашу ядуць?”, “Як дзяўчаты перад люстэркам прыхарашваюцца?”, “Як хлопец дзяўчыну абдымае?”. Мішку за яго старанне гаспадары адорваюць падарункамі.
Пасля тэатралізаваных дзей калядоўшчыкі павінны патанцаваць з гаспадарамі “Польку”,” Нарэчаньку”, “Лысага” і пагуляць у гульню “Машу”. Пасля ўсіх гульняў калядоўшчыкі кланяюцца гаспадыні, прыгаварваючы: “Ты гаспадыня хараша, даставай панчоху грошай – дары каляду! мерачку аўса, паверх каўбаса! козачцы на рожанькі па два пірожанькі! мядзведзю на хвасточак — сала кусочак! да гэтага прысмаку — кошычак маку!
Гаспадары частуюць калядоўшчыкаў: салам, мёдам, каўбасамі, пірагамі, квасам і іншымі прысмакамі. На прыканцы абрада калядоўшчыкі жадаюць гаспадарам багацця, здароў’я, сямейнага ладу і з песняй “На нова лета” выходзяць з хаты, накіроўваючыся да наступнай. Пасля абыходу вёскі гурт калядоўшчыкаў збіраўся ў хаце аднаго з удзельнікаў і гулялі амаль да рання.




2. ВАЛАЧОБНІКІ
Вечарам на першы дзень Вялікадня мужчыны і маладыя хлопцы ў найлепшых святочных строях выходзілі на вуліцу, збіраліся ў гурты, наймалі музыку і з валачобнымі песнямі, услаўляючы Светлае Ўваскрэсенне Хрыста, абыходзілі падворкі жыхароў.Зайшоўшы на падворак, у хату не заходзілі, а спявалі пад акном, а гаспадар адчыняў акно альбо выходзіў на парог. Валачобнікі віталіся з гаспадарамі, спявалі велікодныя песні, прасілі за гэта пачастунак: пірага, фарбаваныя яйкі, сыр, сала, вяндлінку. Калі ў гаспадара была дзяўчына на выданні, ёй з дазволу гаспадароў таксама спявалі велічальную песню. Калі гаспадары адорвалі валачобнікаў, тыя дзякавалі, жадалі дабрабыту, добрага ўраджаю, добра правесці вясновыя работы ў полі, каб быў прыбытак у гаспадарцы. Затым з песнямі і музыкай пераходзілі да другога двара. Не заходзілі толькі на тыя падворкі, у каго ў гэтым годзе было пахаванне.Валачобнікі хадзілі да цямна і толькі ў першы дзень Вялікадня.
У гурце валачобнікаў выдзяляліся: Пачынальнік (мужчына, які ўмеў добра і дасціпна гаварыць і спяваць), пачынальнікам мог быць і Музыка. Астатнія ўдзельнікі гурта называліся Падхватнічкі.
Валачобнікі заходзяць на падворак і выстраіваюцца пад акном.
Валачобнікі: Хрыстос уваскрэс!
Гаспадары: Ваісціну ўваскрэс!
Прывітанне паўтараецца 3 разы.
Пачынальнік: Дзень добры таму, хто ў гэтым даму! Гаспадарочак-паночак, ці спіш, ці ляжыш, ці адпачываеш, ці нас, валачобнікаў, дажыдаеш?
Гаспадары адказваюць на прывітанне.
Падхватнічак 1: Мы госцікі недакучныя,
Нячаста ходзім, не дакучаем,
А ў гадочак адзін разочак.
Падхватнічак 2: Валачобнікі – людзі добрыя,
Шаталіся, валяліся, вашага двара пыталіся.
Пачынальнік: Гаспадарочак-паночак,
Гаспадынька-хазяечка,
Чы можна вас развесяліць,
Святую песню заспяваць?
Гаспадары даюць дазвол на віншаванне.
Валачобнікі спяваюць песню “Велик святой нам день настал…”
Пачынальнік: Гаспадарочак-паночак, пакуль ад двара да двара шаталіся, зусім
прагаладаліся. У горлі перасохла, спяваць нямогла.
Падхватнічак 1: Гаспадынюшка-журавінушка, адары ты нас, не мары ты нас!
Падхватнічак 2: Пачынальніку – сорак яечак, а падхватнічкам – ды па дзясятачку, а
нашаму музыку – белага пірага, кварту гарэлкі, сыр на талеркі!
Гаспадары адорваюць валачобнікаў.
Пачынальнік: Дзякуем гаспадару за шчодрыя дары.
Дзякуем гаспадыні за багаты пачастунак!
Падхватнічкі: Дзякуем, дзякуем!
Калі ў хаце гаспадароў ёсць дачка на выданні, валачобнікі спяваюць і ёй песню, каб добра выйшла замуж.
Пачынальнік: Дачка ваша – слаўная панначка,
Як кветка ў садочку.
Дазвольце і ёй песню заспяваць?
Валачобнікі спяваюць песню “Ой, у саду, саду…” Валачобнікі развітваюцца з гаспадарамі.
Падхватнічак 1: Каб вашы кароўкі цяліліся,
Свінкі парасіліся.
Каб на полі радзіла збожжа,
Каб хазяіну жыць было можна!
Падхватнічак 2: Каб вы з хазяечкай весяліліся,
Між сабою не сварыліся.
На сваіх дзетак любаваліся,
Валачобнікаў дажыдаліся.
Пачынальнік: Нашы сцежкі далёкія,
Нашы росы халодныя,
Нашы рэкі глыбокія,
Пойдзем далей валачыцца,
Каб да другога двара не спазніцца.
Музыка грае. Валачобнікі спяваюць “Велик святой нам день настал…”. Пакідаюць двор.


