Свiслач

1. Вяселле

1 этап – Заповіны.

У суботу хросны бацька разам з жаніхом ідуць да сям’і нявесты дамаўляцца, калі прысылаць сватоў, з сабой нясуць гарэлку і закуску.

2 этап – Сваты.

Пасля заповін, у назначаны дзень, збіраюцца ў Сваты бацькі жаніха, сват, жанаты брат ці замужняя сястра.  Сватам можа быць хросны бацька ці блізкі сваяк, але абавязкова жанаты. У сваты ішлі звечара. У хаце ўсе сядалі за стол і вялі размову пра будучае вяселле. Пасля згоды бацькоў нявесты на правядзенне  вяселля, маладая павязвала свату вышываны ручнік, а родным жаніха ўручала падарункі. На другі дзень, з самага ранку,  ад парога хаты нявесты да каліткі дарожку пасыпалі сенам, у знак таго, што нявесту “засваталі”.

З гэтага дня і да вяселля нявеста павінна вышыць ручнікі для сватоў і фартух для свякроўкі. За дзень да вяселля нявеста не павінна была нічога рабіць у хаце: не прыбіраць, не мыць падлогу “… для таго, каб яе ніколі не “абгаворвалі” і заўсёды была ў пашане”.

3 этап – Каравай.

Паколькі вяселле пачыналася ў суботу, каравай у хаце нявесты пяклі ў пятніцу. Рашчыняць каравай павінна толькі хросная маці, але яна абавязкова павінна быць “у пары”. Калі хросная аказвалася ўдавой, то рашчыняла блізкая сваячка. Пачыналі рашчыняць з раніцы абавязкова на “святой вадзе”, цеста “хадзіла” амаль што да вечара. Пакуль цеста “хадзіла”, каравайніцы ішлі дамоў, а потым прыходзілі, каб ужо пачаць пячы караваі. Каравайніц павінна быць цотны лік. Усе павінны быць у хустках і белых фартухах. Печ, дзе будзе пячыся каравай, рыхтавала маці нявесты. Каравайніцы мясілі цеста, упрыгожвалі па краю каравая сплеценай з цеста касой і адпраўлялі ў печ. Калі спячэцца, упрыгожвалі кветкамі ці як іх называюць на Свіслаччыне —  “шышкамі”, якія гатаваліся асобна.

Пяклі яшчэ і “каравайцы” (невялікія каравайчыкі) для кожнай каравайніцы. Караваяў павінна быць цотная колькасць: першы – самы вялікі —  для дзялення яго на ўсіх гасцей на самім Вяселлі, другі – для свахі, з якім яна паедзе да маладога.

Існуе шмат “каравайных” прыкметаў і павер’яў:  калі каравай “вырас” харошы і пышны, то пара будзе жыць у шчасці, а калі каравай трэснуў, маладыя хутка разыйдуцца. Калі так здаралася, то стараліся паспець спячы другі каравай. Спечаны каравай хавалі ў каморы, каб ніхто яго не бачыў. У цэнтры на галоўным  караваі  рабілі “вілы-траяны” ці, як яшчэ іх называлі, “булава”, з галінак маладой вішні, аблепленыя цестам. Тры галіны азначалі тры долі: “… адна доля збожжавая, другая грашовая, трэцяя дзяцінная”. У час дзялення і дарэння каравая, гэту “булаву” сват аддаваў маладому хлопцу – сябру жаніха — чашніку, каб той хутка жаніўся.

На другі дзень вяселля адбываўся “выкуп” галоўнага “рагатага” каравая ў каравайніц: сват з боку жаніха,  разам з музыкантамі ішлі ў камору (у хаце маладой), дзе знаходзіўся каравай, накрыты чырвонай хусткай і ўпрыгожаны “шпарагай” (аспарагус). Там жа збіраліся каравайніцы, якія вялі торг са сватам. “….калі нарэшце старгуюцца, сват браў каравай і нёс яго ў хату, дзе вяселле, а каравайніцы ішлі за ім з песнямі  хвальбы свайго тавару”. Каравай ставілі на стол насупраць маладых. 

4 этап — ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ВЯСЕЛЛЯ ў хаце маладой.

Нявеста прыбіралася да Вяселля ў суседняй хаце. Збіраліся дзяўчаты – дружкі, а з хлопцаў – толькі браты. Моладзь абавязкова павінна была быць у пары.  Усе дружкі рыхтавалі “банцікі” са стужак для сваіх кавалераў —  чашнікаў (сябры жаніха), а старэйшая дружка – яшчэ і жаніху. Кожная дружка, акрамя “банціка”, дарыла свайму чашніку яшчэ хустачку. Вясельную сукенку і вэлен (фата) рыхтавала (шыла) замужняя жанчына, толькі не ўдава. Да вэлена ззаду прымацоўвалі дзве ленты: белую і ружовую, а калі сірата, то белую і блакітную. Прыбраўшыся, нявеста не мела права садзіцца, пакуль не прыедзе жаніх. Па прыезду дружыны — дружкі прасілі ў жаніха выкуп, і калі старгоўваліся, то толькі тады паказвалі нявесту, якая выходзіла ў цэнтр хаты. Дружкі, у свой час, станавіліся побач з ёй. Да нявесты падыходзіў жаніх, а чашнікі – да дружак, выбіраючы сабе пару.  Дзяўчаты чаплялі банцікі, выказваючы згоду быць у пары на Вяселлі. Дзяўчаты з боку жаніха – свашкі, таксама падыходзілі да братоў нявесты і прычаплялі ім банцікі. Пасля вызначэння пар нявеста павязвала ручнікі сватам. Далей усе па парах накіроўваліся ў хату маладой на Вяселле.

5 этап — Брама.

У варотах вясельнага дома моладзь (тыя, хто не гулялі на Вяселлі) рабіла браму. Да варот прыбівалі бярозкі, паміж імі ставілі стол, на якім былі хлеб-соль, бутэлька з гарэлкай і чаркі, побач – засцеленая тканым дываном лава. Першымі да стала падыходзілі маладыя, іх віншавалі, запрашалі выпіць: налівалі гарэлку ў чаркі патроху, каб назад не вылівалі, бо гэта лічылася “на слёзы ў сям’і”, прыкусіць хлебам з соллю, пасля чаго маладых запрашалі сесці на лаву, на якой тры разы падымалі высока ўверх, кожны раз крычалі “Ура”. Затым маладыя ступалі на палавічок, які быў засцелены да парога, ішлі па ім, і гэты палавік адразу скручваўся, каб на яго больш ніхто не ступаў (“на жыцце багатае і шчаслівае”). Таксама праз браму прапускалі і чашнікаў з дружкамі, іх маглі падымаць на лаве ўгору і патрабаваць, каб яны пацалаваліся, пакуль не пацалуюцца, не апускалі. Чашнікі плацілі грошы за тое, што іх добра “падкідвалі”. Апошнімі праходзілі сваты. Затым усе парамі выстрайваліся ў шэрэнгу да самага парога, дзе маладых сустракалі з хлебам-соллю бацькі нявесты. Сваха з боку жаніха гатавала да Вяселля каравай, і зайшоўшы ў хату, ставіла яго на стол каля маладых. Гэта азначала, што яны прыехалі “з мірам” і хлебам.

6 этап — Застолле.

Так пачыналася вяселле, вёў яго сват з боку маладой.

Рыхтавалі багаты стол: халоднае, квашаніна (халадзец), вінегрэт, сальцісон, вантрабянка, шкілёндра, каўбаса, галубцы, бульба са скабамі (рэбрамі), рулет са свініны, сыр клінковы, яйкі вараныя, капуста са смятанай, капуста квашаная.  Напоі: гарэлка (самагонка), хатняе віно.

У заканчэнні першага дня Вяселля — у хаце нявесты, маладыя разам не “кладавіліся” спаць, бо назаўтра іх чакаў абрад вянчання (да вянца маладым нельга было дзяліць адну пасцель). Нявеста заставалася спаць у сваёй хаце, а калі не было месца, то у суседняй, а жаніх, калі ён быў з гэтай да вёскі, ішоў начаваць да сябе ў хату, а калі з другой мясцовасці, то начаваў у суседзяў.

7 этап — ДРУГІ ДЗЕНЬ ВЯСЕЛЛЯ

Вянчанне.

На другі дзень маладыя ехалі ў царкву на вянчанне. Нявесту да вянца адпраўляў хросны бацька. Як гэта адбывалася: маладую садзілі на перавернутую дзяжу, у якой рашчынялі хлеб, наверх слалі кажух (каб жыццё было багатае і шчаслівае). Затым хросны бацька браў грамнічную свечку і з чатырох бакоў крыху падсмальваў валасы, прыгаворваючы малітву. Пасля гэтага чаплялі вэлен, перахрышчвалі маладую іконай, якую трымала сваха. Затым прыходзіў жаніх і толькі тады маладыя разам адпраўляліся ў царкву. У царкву ехалі абавязкова са сватамі. Па жаданні маглі і госці. Вярнуўшыся з царквы, сваха вешала ікону ў чырвоным куце, дзе стаяў стол для маладых.

8 этап — Застолле. Дарэнне.

Ведаўшы, што маладыя паехалі да вянца, у гэты час пачыналі збірацца госці. Але на месцы маладых хуценька сядалі пераапранутыя ў жаніха і нявесту, свата і сваху адны з гасцей – жанчыны апраналіся ў жаніха і свата, мужчыны былі за маладую і сваху. Маладыя заходзілі ў хату, бачылі, што іх месца занята, пачыналі разам са сваімі сватамі  выкупаць месца. Падстаўныя “маладыя” пасля выкупа ўступалі месца сапраўдным маладым і Вяселле працягвалася.

Калі падыходзіў час для дарэння, сват запрашаў усіх за стол. У руках у свата была  ўпрыгожаная нагайка (плётка), якой ён біў аб бэльку, тым самым запрашаючы бацькоў на дарэнне. У час дарэння жартавалі: “Дару грошы, я на іх працавала, каб маладая паклікала сваю свякроў і яе пацалавала”, пакуль не пацалуе, грошы не аддавалі. Дарыць падыходзілі па парах, жанчыны дарылі тканіну і падарункі, а мужчыны – грошы. Усе падарункі прымала старэйшая дружка. Пасля таго, як дарэнне заканчвалася, маладыя выходзілі з-за стала, старэйшая дружка ішла следам, несла падарункі. Абавязкова адзін кусок тканіны павінен быў цягнуцца шлейфам за ёю, каб дзяўчаты следам за маладою хутка выходзілі замуж. 

Пасля дарэння ўсе дружна выпівалі, закусвалі і ўставалі на танцы.

9 этап — Адорванне гасцей караваем.

У пэўны час, бліжэй да заканчэння застолля, сват зноў клікаў гасцей сесці за стол, каб маладая ўсіх адарыла караваем: “…сват павінен выкупіць каравай”. Нявеста павязвала сватам яшчэ па аднаму ручніку. Сваха прыносіла міску з вадой, каб сват памыў рукі, якія выціраў асобным ручніком. Гэтым жа ручніком абвязвалі свата ў поясе. Сват рэзаў каравай і па чарзе запрашаў гасцей.

10 этап — Прыданне.

Па абедзе, адразу пасля дарэння караваем, нявеста запрашала “прыданне” – гэта была самая блізкая радня нявесты, якая суправаджала яе да хаты жаніха. Садзіліся за вясельны стол на пачэсныя месцы з боку маладой. Адпраўляць нявесту прыходзілі і госці, і суседзі. У гэты час чашнікі павінны былі выкупіць “пасцель” (на якой маладыя правядуць першую шлюбную ноч) маладой ў дружак і забраць з сабою. 

Нявеста, выходзячы з хаты, і ідучы да павозкі з коньмі, павінна была ўсім кланяцца і прасіць прабачэння. Калі ўсё вяселле села па конях, бацькі з іконай, свянцонай вадой і зернем абыходзяць вясельны картэж, даюць гэту ікону ў рукі нявесце і з ёй яна едзе да хаты жаніха.

11 этап — Вяселле ў жаніха

 К вечару другога дня “прыдане” вязуць з сабой карзіны (сумкі) з прадуктамі і па прыезду аддаюць  іх маці жаніха. Гэта называецца “абед”. Садзіліся ўсе разам з нявестай. Пад канец вяселля (у хаце жаніха), свякроў здымае з галавы нявесты вэлен, кладзе яго ў куфар, дзе ён будзе  захоўвацца, і павязвае хустку, гэтым самым, яна прымае яе ў сваю сям’ю. На шлюбную ноч пасцель (абавязкова тое, што прывезла з сабой нявеста) для маладых сцеле свякроў.

12 этап — ТРЭЦІ ДЗЕНЬ ВЯСЕЛЛЯ Ў ЖАНІХА.

Праходзіць так жа, як і ў нявесты. Аднак, нявеста ужо не апранае белую сукенку і вэлен. Госці збіраліся бліжэй к абеду, сядалі за стол, выпівалі, елі, танцавалі. Толькі пасля дарэння і дзялення караваем, якое адбываецца такжа як і ў хаце маладой, ужо пад канец трэцяга дня, нявеста выходзіць з-за стала і пачынае адорваць радню жаніжа падарункамі. Першымі падыходзяць бацькі ўжо маладога мужа. Свекрыві яна павязвае хустку, вышываны фартух, уручае тканіну на сукенку. Бацьку – кашулю і яшчэ што-небудзь для хаты ці гаспадаркі. Пасля нявеста павінна патанцаваць са свякроўю і свёкрам. Танец з’яўляецца жартаўлівым, для так называемай праверкі: ці нявеста не кульгавая і можа танцаваць. Пры дарэнні сват апавяшчае, які пасаг быў дадзены нявесце (абавязкова акрамя рэчаў і пасцелі нявесце давалі карову). Пасля гэтага сват прапаноўваў гасцям “замачыць” падарункі. Расходзіліся пасля Вяселля ўсе не адразу, а паступова. Маглі і да поздняй ночы яшчэ сядзець і выпіваць. Праз тыдзень да бацькоў нявесты на “пірагі” ехалі родныя і хросныя бацькі маладога, браты, сёстры, суседзі. Пасля застолля радня ўжо маладога мужа забірала вясельныя падарункі, у тым ліку карову ці цяля, куфры і г.д.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)