Шчучын

1. Вялікдзень

Гурт валачобнікаў складаецца з мужчын і жанчын, юнакоў і дзяўчат, якія ўмеюць спяваць і іграць на якіх-небудзь музычных інструментах (скрыпка, гармонік, бубен). З музыкай і песнямі ідуць па вёсцы, заходзячы ў кожны двор, акрамя жалобных – тыя хаты, у якіх у мінулым годзе памер хто-небудзь з блізкіх. Збіраюцца валачобнікі ў аднаго з ініцыятараў абыходнага абраду і ідуць па вёсцы  па ходу сонца. Заходзячы ў двор, стукаюць у акно і пытаюць дазволу ў гаспадароў заспяваць велікодную песню. Гаспадар адчыняе акно і валачобнікі пачынаюць спяваць “Вэсолы нам дзісь дзень настаў”. Калі ў сям’і падрастае дзяўчына — спяваюць для дачкі “Добры вечар панянэчка”, а калі сынок —  “Добры вечар панічыку”. Пасля спеваў жадаюць гаспадарам наступнага году дачакаць, быць здаровымі і шчаслівымі, а сыну і дачцы добра ажаніцца ці выйсці замуж. Гаспадары частуюць валачобнікаў велікоднымі яйкамі, пірагамі, кілбасамі і ўсім тым, што рыхтуюць на Вялікдзень. Спявалі ў сваёй вёсцы, а пасля ішлі ў суседнія вёскі і валачобнілі аж да ранку. Да гурта па ходу маршрута далучаліся хлопцы і дзяўчаты з розных дамоў. Пасля накіроўваліся разам да адной з хат, дзе працягвалі весяліцца са спевамі і танцамі. Гурты розных вёсак маглі перасякацца. Спявалі валачобнікі не толькі вялікодныя песні, але і розныя лірычныя, жартоўныя.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

2. Калядаванне

Першы дзень Каляд – 24 снежня — лічыўся сямейным святам. Само калядаванне пачыналася на другі дзень. Калядоўшчыкі збіраліся з надыходам цемры і з песнямі абыходзілі па чарзе ўсе хаты. Пераапранутыя ў цыганоў, казу, каня, бусла, мядзведзя, калядоўшчыкі спыняліся каля кожнага двара ў чаканні, калі гаспадар запросіць іх у хату. Галоўнай гераіняй была «каза». Зайшоўшы гуртом у хату, яна кідалася на гаспадароў, бадала дзяцей. Потым раптоўна заціхала і падала на падлогу. Мядзведзь, бусел і конь спрабавалі ажывіць яе, але нічога не выходзіла. І тады пачыналі гаварыць: «Ой, пан ідзе, Каляду нясе, тры кускі сала, каб каза ўстала». Пачуўшы гэта, гаспадыня выносіла калядоўшчыкам пачастункі, якія складаліся ў торбу. Убачыўшы іх, каза «ажывала». Атрымаўшы дары, цыганы запявалі развітальную калядную песню і разам з гуртом выходзілі з хаты. Абышоўшы вёску, калядоўшчыкі збіраліся ў адной вялікай хаце, каб працягнуць святочныя вячоркі.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)

 

 

 

 

 

 

 

3. Сёмуха

Напярэдадні свята жыхары вёскі упрыгожваюць свае падворкі бярозавымі галінкамі, тым самым ўслаўляючы Святую Троіцу.

У дзень свята на падворку самага старэйшага жыхара вёскі збіраліся жанчыны і дзяўчаты для таго, каб выбраць “дзяўчынку-бярозку”. Стаўшы ў кола маладыя дзяўчаты гуляюць у “Вяночак”, перадаючы  сплецены бярозавы вяночак па крузе адна адной. Старэйшыя жанчыны тым часам спяваюць песню “А ў полі бяроза”. На якой дзяўчыне песня спыняецца, тая і становіцца “бярозкай”. Дзяўчаты-сяброўкі ўпрыгожваюць “бярозку” бярозавымі галінкамі: на галаву дзяўчыне надзяваюць бярозавы вянок, абвязваюць бярозавымі галінамі пад песню “А ў поле бяроза”. Пасля ідуць па вёсцы віншаваць гаспадароў вясковых падвор’яў з песняй “Радуйся, бярозанька”. Прыйшоўшы ў першы двор, віншуюць: “Добры дзень, гаспадарам! Ці дазволіце нашай бярозцы стаці, бочку-мядочку прыпявальнічкам даці, нам, маладзенькім на дварочку паспяваці, паскакаці!” У станоўчы адказ гаспадароў дзяўчаты спяваюць “Цячэ вада каламутна”.

Абышоўшы ўсе двары, дзяўчаты разам з жанчынамі накіроўваюцца да загадзя падрыхтаваных бярозавых “варотаў”, дзе адбудзецца абрад Кумавання (у двары гаспадара). Гурт дзяўчат дзеліцца на пары, і становіцца ў шэрэнгу. Пад песню “Мы пакумімся” парамі праходзяць праз вароты, абдымаюцца і цалуюцца – тым самым заручаючыся ў “кумачкі” – дружкі на будучае вяселле. Апошняя пара, праходзячы праз вароты, гаварыла такія словы: “Ты — мне кума, а я — табе кума. Кума з кумою скуміцца, душа з душой злюбіцца”. Затым дзяўчаты з песнямі ідуць у поле частаваць пастухоў пірагамі і яечняй, якую гатуюць са смажанымі скваркамі там жа на трыножцы на вялікай  патэльн з 30 яёк. Частуюць у першую чаргу пастухоў, а пасля ўсіх астатніх. Пастухі пасля святочнага абеду ўпрыгожваюць бярозавымі вянкамі рогі кароў на добры ўдой, а гаспадары за гэта даюць ім пачастункі.       Пасля ўшанавання пастухоў, бліжэй к вечару, дзяўчаты падыходзяць да самай прыхожай ў вёсцы бярозы і завязваюць на яе галінках каляровыя стужкі са словамі: “На добры ўраджай. На цёплае лета”. Пасля накіроўваюцца ў той двор, дзе дзяўчаты будуць упрагожваць калодзеж, з якога потым неабходна напіцца вады, якая з’яўляецца сімвалам ачышчэння і абнаўлення душы, бо лічыцца, што гэта “… вада  — усім на здароў’е, а сумным – на весялосць, а дзяўчатам – на прыгажосць”.

ПАДРАБЯЗНЕЙ (скачать файл)