18.11.2025 г.
21 лістапада 2025 года ў дэманстрацыйнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці адбудзецца адкрыццё выстаўкі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Дом народнай творчасці”, прымеркаванай да 85-годдзя са дня ўтварэння ўстановы.
Звыш пяцідзесяці гадоў таму пры абласным Доме народнай творчасці быў створаны першы музей сучаснай народнай творчасці Гродзеншчыны. Яго вопыт зʼявіўся прыкладам для арганізацыі Распубліканскага музея народнай творчасці ў Раўбічах. У 1979 годзе Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь музею Гродзенскага АНМЦ прысвоена ганаровае званне “народны”. Сёння гэта ўтульная і сучасна абсталяваная дэманстрацыйная зала.
За гады яе існавання супрацоўнікамі аддзела традыцыйнай мастацкай культуры тут было арганізавана звыш 500 унікальных экспазіцый. Кожны экспанат, які прадстаўляецца ў метадычным цэнтры, вабіць водгаласам былых часоў, асаблівым ідэйным зместам, пашанай да роднай зямлі.
Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці напрацягу 85 гадоў вядзе актыўную дзейнасць па адраджэнні, развіцці і папулярызацыі народнага мастацтва, традыцыйных рамёстваў і промыслаў вобласці, пры гэтым збірае і зберагае лепшыя ўзоры творчых работ народных майстроў. За гады такой збіральніцкай дзейнасці ў фондах установы аказалася каля 550 узораў ткацтва, ганчарства, разьбы па дрэве, выцінанкі, пісанкарства, пляцення з прыродных матэрыялаў, выяўленчага мастацтва і іншых характэрных для рэгіёна відаў традыцыйнай мастацкай творчасці. У іх ліку – вырабы апошніх ганчароў з Поразава і Міра, разьба народнага майстра Міхаіла Рышкевіча з Лідскага раёна, калекцыя ткацтва, пісанкі сям’і Зайко з Сапоцкіна, самабытны жывапіс Ліліі Трохалевай з Смаргоні, шматслойная мастацкая вышыўка гродзенскай майстрыхі Аляўціны Кавалеўскай і шмат іншых вырабаў. У выніку фонды Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра – сапраўдны музей унікальных твораў народнага мастацтва, якія перыядычна выкарыстоўваюцца ў розных акцыях з мэтай вывучэння, развіцця і папулярызацыі традыцыйнай культуры Панямоння.
Запрашаем вас да нас, дзе ў вас будзе магчымасць убачыць вялікую колькасць работ, якія знаходзяцца ў выставачным фондзе ўстановы.
Адкрыццё выстаўкі: 21 лістапада 2025 года ў 15:00
Выстаўка будзе працаваць з 21 лістапада па 31 снежня.
Чакаем!


























