14.09.2026 г.
11 верасня ў выставачнай зале Гродзенскага гарадскога цэнтра культуры адбылася знакавая падзея — спецыяльная камісія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прагледзела выставу фотаработ «Мгновения гродненской красоты» студыі фотамастацтва «Гродно» .
Гэты прагляд праходзіў у межах працэдуры пацвярджэння ганаровага звання «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь».
Члены камісіі адзначылі высокі мастацкі ўзровень твораў, унікальнае аўтарскае бачанне і сапраўдны прафесіяналізм у адлюстраванні гісторыі і сучаснасці нашага краю. Па выніках прагляду камісія аднагалосна рэкамендавала пацвердзіць калектыву гэтае высокае званне.
Некалькі фактаў пра легендарную студыю «Гродно»:
— Гісторыя: Заснаваная ў 1972 годзе, яна з’яўляецца адным з найстарэйшых фотакалектываў краіны. З 1976 года яе нязменна ўзначальвае Аляксандр Іосіфавіч Ласмінскі.
— Удзельнікі: Сёння студыя аб’ядноўвае 49 майстроў ва ўзросце ад 18 да 86 гадоў розных прафесій.
— Маштаб: Толькі за апошнія 5 гадоў калектыў арганізаваў больш за 60 выстаў у Беларусі і за яе межамі (Масква, Санкт-Пецярбург, Хайфа і інш.).
— Прызнанне: Студыя мае мноства міжнародных і рэспубліканскіх узнагарод, сярод якіх падзяка ад FIAP (Парыж) і свежы Сертыфікат лаўрэата конкурсу «Советское фото XXI века» (Масква, 2026 г.).
Значнай творчай падзеяй гэтага года таксама стаў выпуск аднайменнага фотаальбома «Мгновения гродненской красоты».
Віншуем Аляксандра Іосіфавіча і ўсіх удзельнікаў студыі з чарговым поспехам і прызнаннем іх вялікага ўкладу ў беларускае фотамастацтва.
































