Сур’ёзны творчы іспыт трымалі на мінулым тыдні супрацоўнікі ўстаноў культуры раёна. Народны хор ветэранаў “Землякі” здаваў экзамен на пацвярджэнне звання “народны”. Да прысваення статусу “ўзорнай” рыхтавалася ў гэты дзень дзіцячая студыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Пагародзенская студыя ткацтва”.
Нумары ветэранскага калектыва “Землякі” з пачэсным і высокім званнем “народны” гучаць са сцэны ўжо шэсць год. Прысуджаецца яно не проста так. Гэта вынік высокага майстэрства і таленту. Рашэнне прымае калегія Міністэрства культуры, улічваючы ўзнагароды на конкурсах, аглядах і фестывалях, а таксама высокі мастацкі ўзровень рэпертуару. Надышоў час яго пацвердзіць. Рабіць гэта неабходна кожныя тры гады. У суправаджэнні народнага ансамбля народных інструментаў «Гарэзлівыя струны» пад кіраўніцтвам Ірыны Жыткевіч, калектыў прадставіў гледачам 20-хвілінную праграму і прадэманстраваў багаты рэпертуар і прафесійнае выкананне.

Нітка праз пакаленні
У Воранаўскім раёне ўзорнымі аматарскімі калектывамі з’яўляюцца тэатр-студыя гульні “Гульнёвы кірмаш” з Пагародна, вакальны ансамбль “Юность” і ансамбль танца “Радунскія салавейкі” з Радуні.
Пагародзенская студыя — прэтэндэнт на пачэснае званне — знаходзіцца ў майстэрні ткацтва мясцовага цэнтра культуры і народнай творчасці і вядзе сваю гісторыю ўжо 13 год. Ля яе вытокаў стаяла народны майстар Станіслава Вікенцьеўна Міхно, якая за сваё жыццё стварыла больш за сотню тканых вырабаў. Адной з першых вучаніц стала Анжэла Ладыш. Менавіта яна сёння працягвае справу сваёй настаўніцы і перадае сакрэты ткацкага майстэрства дзяўчатам мясцовай школы. Дзякуючы гэтаму пераемнасць пакаленняў не перарываецца, і старадаўняе рамяство жыве. Пагэтаму прызнанне іх творчасці — гэта вынік доўгай і карпатлівай працы.
— Вельмі важна, каб нітачка, што звязвае нас з продкамі, ніколі не парвалася, — адзначае Анжэла Ладыш. — Таму я з радасцю займаюся ткацтвам і перадаю веды. Усё гэта патрабуе часу, цярпення і стараннасці, але вынік сапраўды варты таго. Цешуся, што з-пад рук дзяўчынак з’яўляцца такія родныя ніткі-радочкі, якія звязваюць мінулае і будучае.
Спадчына народнага майстра Станіславы Міхно, ўменне зацікавіць творчым працэсам школьніц Анжэлы Ладыш, клопат загадчыцы Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Іны Радзевіч аб развіцці студыі, стварылі ўсё неабходнае для таго, каб атрымаць ганаровае званне “ўзорнага калектыву”. Будзем спадзявацца, што гэтая мара збудзецца, і ткацкае рамяство на Воранаўшчыне атрымае новы імпульс для развіцця.










Інтарэсы на адзнаку
У гэты дзень шаноўная абласная камісія ацаніла таксама прадстаўленыя на абласны агляд-конкурс нумары аматарскага аб’яднання і клуба па інтарэсах Воранаўшчыны.
Дзіцячае аматарскае аб’яднанне “Знахаркі” працуе ў аграгарадку Тракелі з 2013 года. Сёння яго кіраўнік Лілія Бярцэвіч заклікае да знаёмства з народнай медыцынай больш дзясятка дзяцей, а яны і рады не толькі пазнаваць новае, але і вучыць іншых. Удзельнікі клуба “Каму за пяцьдзясят” з Воранава даказваюць, што ўзрост — не перашкода для творчасці. Аб’яднанне, якому хутка споўніцца 25 гадоў, стала пляцоўкай для рэалізацыі талентаў тых, хто знайшоў у сабе новыя сілы і захапленні пасля выхаду на пенсію.
Кацярына ГАЙЖЭЎСКАЯ.
Фота аўтара.


























