Дзяржаўная ўстанова культуры
“Ваўкавыскі раённы Цэнтр рамёстваў”
Галоўная мэта ўстановы, дзейнасць якой бярэ пачатак з 1999 года, – дапамагчы раскрыць мясцовыя таленты і зацікавіць народнай творчасцю як мага больш жыхароў. Майстры Цэнтра працуюць у традыцыйных тэхніках: простае двухнітовае ткацтва, пісанка (роспіс яек воскам), набіванка, вязанне шыдэлкам і спіцамі, вышыўка крыжыкам, гладдзю і “процягам”, лепка з гліны, мастацкі роспіс, саломапляценне, аплікацыя саломкай, народныя лялькі і інш. Дзякуючы актыўнай экспедыцыйна-даследчай рабоце ва ўстанове створаны Музей народнага побыту. Спецыялісты прыкладаюць усе намаганні для захавання традыцыйнага вырабу вясельных караваяў на Ваўкавышчыне.
Экскурсіі і музейныя заняткі па народных рамёствах Цэнтра ўключаны ў турыстычныя маршруты краязнаўчых тураў “Волковысская сокровищница”, “На ростанях краіны”, “Дорога к хлебу” і інш. Падчас майстар-класаў выкарыстоўваюцца сапраўдныя старажытныя прылады (ткацкі станок, навойніца), транслююцца аўтэнтычныя тэхнікі (“малачэнне” гліняных вырабаў, вышыўка “процягам” і інш.). Гуртковая дзейнасць ахоплівае розныя катэгорыі насельніцтва, спрыяе зберажэнню рамесных традыцый, развіццю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, стварэнню шэрагу арыгінальных творчых работ: ад дэкаратыўных талерак з сюжэтамі беларускіх прымавак і жывапісных выяў на драўляных спілах да вышытых вясельных ручнікоў і керамічных вырабаў з помнікамі архітэктуры Ваўкавышчыны.
Асаблівы гонар Цэнтра – тэматычная праграма “Скарбы Ваўкавышчыны”. З мэтай прыцягнення ўвагі насельніцтва да мясцовых рамёстваў ва ўстанове выкарыстоўваюцца разнастайныя формы работы: творчыя сустрэчы, віктарыны, фотаэкспазіцыі, выстаўкі-продажы “Традыцыйныя вырабы – у кожны дом!”, майстар-класы ад носьбітаў рэгіянальных традыцый.
Кантактная інфармацыя: http://volkovysk-remeslo.by/



































