Рышкевич Міхаіл Антонавіч (1924-2007; в. Бешанкі Лідскага раёна. Драўляная пластыка)

Нарадзіўся і ўсё жыццё пражыў у в. Бешанкі на Лідчыне, там жа працаваў у мясцовым калгасе слесарам, шафёрам, сталяром. Уласнаручна збудаваў сабе дом, аздобіў яго (як і многія суседскія будынкі) разьбянымі ўзорамі, змайстраваў аздобленую разьбою мэблю, сярод узораў якой асабліва вылучаюцца крэслы з фігурнымі падлакотнікамі і высокімі спінкамі. Займаўся такарным рамяством, тачыў розныя рэчы ўтылітарна-дэкаратыўнага характару, кампаненты архітэктурнага дэкору, аздобы на мэблю і інш. Майстраваў розныя малыя архітэктурныя формы для аздаблення сядзібы. У 1980-я гады, пасля знаёмства з творчасцю вядомага майстра-разьбяра Апалінара Пупко, стаў выразаць скульптурныя кампазіцыі сюжэтна-тэматычнага характару.
Скульптурная пластыка Міхаіла Рышкевіча – характэрны ўзор наіўна-рэалістычнага (інсітнага) мастацтва. З добрым веданнем сялянскага жыцця, традыцыйнага побыту, адвечных каштоўнасцей адлюстроўваў з дзяцінства вядомыя яму вобразы і сюжэты: «Касец», «Пілавальшчык», «Жняя», «Грыбнік», «Дудар», «Пастушок», «Жанчына з граблямі», «Стары з кульбай», «Мужык і мядзведзь» і інш. Трактоўка скульптур наіўная, з яўнымі анатамічнымі пагрэшнасцямі, але ўсё гэта кампенсуецца дакладнасцю адлюстравання бытавых рэалій, шчырасцю і непасрэднасцю вырашэння вобразаў.
Творы Міхаіла Рышкевіча захоўваюцца ў музеях Мінска, Гродна і інш.






























